Гродзенскія ўлады працягнуць практыку будаўніцтва жылых комплексаў па прынцыпе блакаванай забудовы, як гэта ўжо было зроблена ў катэджным пасёлку Ласосна, піша «Вячэрні Гродна».

У гэтым годзе на аўкцыён будуць выстаўленыя зямельныя ўчасткі, на якіх будучы забудоўшчык зможа спраектаваць і пабудаваць малаэтажны жылы комплекс з тыпавых блакіраваных дамоў. Яны размесцяцца ў мікрараёнах Баранавічы-9 і Зарыца-1, распавялі ў Гродзенскім гарвыканкаме.

Нагадаем, такія кварталы з блакіраваных пабудоў ўжо існуюць у пасёлку Ласосна-4. Пару гадоў таму ААТ «Гроднажылбуд» выкупіў зямлю былога ваеннага палігона на аўкцыёне. Асабнякі будаваліся па новай каркасна-панэльнай тэхналогіі: сцены і перакрыцці вырабляліся ў зборачным цэху. На ўчасткі прама з завода прывозілі ужо гатовыя дамакамплекты — уцепленыя панэлі з прарэзанымі дзвярнымі і аконнымі праёмамі. Затым ўсе элементы «канструктара» збіралі на падмурках пры дапамозе аўтакрана.

Даведка

Блакаваная забудова — тып малапавярховай жылой забудовы, пры якім размешчаныя ў шэраг аднатыпныя жылыя дамы блакуюцца адзін з адным бакавымі сценамі. Кожны з такіх дамоў мае асобны ўваход, невялікі кветнік і гараж.