У лістападзе сярэдняя налічаная зарплата ў Гродне была 1016,7 рубля. Гэта на 42,3 рубля менш, чым у кастрычніку. Знізіўся паказчык і па вобласці: замест кастрычніцкіх 885 рублёў у лістападзе жыхары атрымалі ў сярэднім 863,7 рубля, піша «Вячэрні Гродна».
Самым высокааплатным раёнам стаў Гродзенскі - амаль 909 рублёў (дарэчы, у кастрычніку лідэрам быў Астравецкі з 974,4 рубля). Менш за ўсё атрымлівалі жыхары Свіслацкага раёна — у сярэднім 652,5 рубля. У пераліку па сярэднеўзважанаму курсу лістападаўскі сярэдні заробак у Гродне — 479 даляраў, у вобласці - 407.
Сярэднія заробкі беларусаў у лістападзе ўпалі да 994 рублёў, паведамляе Белстат. Нагадаем, кастрычніцкія заробкі выраслі да 999,7 рубля пасля вераснёўскага падзення, піша T*T.BY.
У гэтым годзе сярэднія зарплаты, па прагнозах уладаў, павінны скласці 938 рублёў, у тым ліку ў снежні - 1070 рублёў. Плануецца, што сярэднія зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый у гэтым годзе будуць на ўзроўні 742 рублёў.
У 2019 годзе, па планах, сярэдні заробак беларусаў павінен скласці 1025 рублёў. Такія паказчыкі закладзеныя ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год.