Дзевяць мастакоў прадставілі па дзве карціны — старую і сучасную — на выставе «Гісторыя ў карцінах». Адна карціна ўжо некалі тут экспанавалася і сімвалізавала гісторыю галерэі, сучасная ж — яе будучыню. Так галерэя «У Майстра» — першая прыватная ў Гродне і другая ў краіне — адзначыла 25 гадоў працы.

У выставе паўдзельнічалі Валянціна Шоба, Вікторыя Ільіна, Аляксандр Сільвановіч, Юрый Якавенка, Сяргей Грыневіч, Уладзімір Панцялееў, Пётр Янушкевіч, Сяргей Стома і Аляксандр Ларыёнаў. Апошнія два мастакі ўжо памерлі. «Нам было прыемна ўшанаваць іх памяць у тым ліку выставай», — кажуць арганізатары. «Гэта яркі прыклад, што чалавека няма, а яго карціны працуюць за яго. І гэта вельмі важна, улічваючы, што яны зрабілі для галерэі ў свой час», — дадае Аляксандр Сільвановіч. На выставе прысутнічала ўдава Аляксандра Ларыёнава Інэса. Яна падзякавала за тое, што мастака не забываюць.

Дарэчы, з нагоды юбілею ў галерэі праводзяць чарговы конкурс з прызамі. Трэба прыйсці, зрабіць фота з карцінай Сяргея Грыневіча «Поговори со мной», зрабіць пост у інстаграме і чакаць на перамогу. Падрабязнасці - тут.

9 мастакоў, 18 карцін і 25 гадоў працы. Галерэя “У Майстра” адзначыла юбілей

«А давайце вы захочаце мець галерэю?»

Каб лепш узгадаць, як усё пачыналася, гасцям паказалі відэаролік з архіўных фотаздымкаў і рэфлексіі мастакоў.

— Уявіце, канец 93-га. Толькі арганізаваўся «Прыёрбанк». І трэба ж набрацца смеласці ў свае 30 гадоў прыйсці да ўладальніка банка і сказаць: «Ведаеце, а давайце вы захочаце мець галерэю». Ёй проста не асмеліліся адмовіць, — расказвае Марына, сястра заснавальніцы галерэі «У Майстра» Алены Пілічавай. — Мне потым расказвала Наталля, жонка Аляксандра Мілінкевіча, што лёс галерэі вырашаўся ў іх на кухні. Як так: маладая дзяўчынка прыехала і адкрывае тут прыватнае прадпрыемства. Чыноўнікі спрачаліся паміж сабой і Наталля сказала: «Ды дайце ёй ужо працаваць!». І яны вырашылі: галерэі быць.

9 мастакоў, 18 карцін і 25 гадоў працы. Галерэя “У Майстра” адзначыла юбілей
Марына Пілічава — сястра заснавальніцы галерэі
Сама Алена не змагла быць на адкрыцці выставы і даслала смс з пажаланнем. Яна дзякавала за тое, што сутнасць галерэі жывая. «Я жадаю ўсім вам вялікай сутворчасці і дабрабыту».

200 выставаў і 50 мастакоў

З 1993 года галерэя правяла больш за 200 выставаў і папрацавала больш чым з 50 мастакамі. Цяпер у галерэі гаспадарыць Ларыса Макей. У лютым 2018 года галерэя зачынялася на рэбрэндынг, каб стаць «пляцоўкам для зносін, абмеркавання культурных з’яў і атрымання новых уражанняў». Абяцалі прыцягваць новых аўтараў, працаваць з маладымі перспектыўнымі аўтарамі. А таксама лекцыі, майстар-класы, сустрэчы з мастакамі. Абяцанне выканалі - не радзей чым раз на месяц тут праводзяць розныя падзеі. Напрыклад, тут прайшла сустрэча з Уладзімірам Цеслерам і лекцыя пра тое, як пачаць бегаць.

«Гэта быў наш дом…»

«…Усё жыццё праходзіла тут, — узгадвае Ірына Сільвановіч. — Тут раслі нашы дзеці».

«Я, як дачка мастака, вырасла ў гэтай галерэі, тут адзначалі святы, мы тут калядавалі, наша дзяцінства прайшло менавіта ў гэтым месцы. Прыемна, што я зараз звязана з галерэяй па працы і мы стараемся працягваць гэтую традыцыю — далучаць дзяцей з дзяцінства да мастацтва. Праводзім дзіцячыя мерапрыемствы», — расказвае арт-дырэктарка галерэі Вольга Бараноўская.

Сястра заснавальніцы галерэі Марына кінула кар’еру вузаўскага выкладчыка, каб дапамагаць з галерэяй. І не шкадуе пра гэта.

— Цяпер я разумею, што гэта быў бласлаўлёны час, вельмі напоўнены, вельмі важны і бясконца абагачаючы. Колькі б часу не праходзіла, не ўзнікае ўражання, што гэта былі прахадныя дзяжурныя рэчы. Кожная выстава была каштоўная і дарагая. І я на ўсё жыццё запомніла момант, калі выстава ўжо выбудаваная і вісіць на сценах, Валянціна Фёдараўна, якая прыбірала галерэю, заканчвае мыць падлогу, і мы з Ленай прыходзім да пачатку выставы, ты адчыняеш дзверы і «ўваходзіш» у выставу.

9 мастакоў, 18 карцін і 25 гадоў працы. Галерэя “У Майстра” адзначыла юбілей

Таму што яна прадумвалася, яна нараджалася, яна стваралася. І Лена перажывала разам з аўтарам выставы за гэтыя працы, за што, як гэта будзе, як прагучыць. І пасля вернісажу ніколі не хацелася разыходзіцца. Вельмі часта мы прыходзілі да нас дадому і былі доўгія размовы, жывыя, пра мастацтва, пра жыццё. Шчаслівы час.

Даведка

Галерэя «У Майстра» адкрылася 25 гадоў таму пад кіраўніцтвам Алены Пілічавай. Галерэя «У Майстра» выстаўляла працы тады яшчэ маладых мастакоў, якія пасля сталі заўважнымі дзеячамі сучаснага мастацтва. Яна дала старт шматлікім беларускім майстрам, менавіта ў яе сценах былі прададзеныя першыя скураныя вырабы «Макей».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life