Бэтлеемскі агонь міру даставілі 21 снежня харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з Гродна пачалася штогадовая скаўцкая эстафета Бэтлеемскага агню па гарадах і мястэчках Беларусі, піша grodnensis.by.
У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўрачыста прывітаў агонь дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
«Мы прыносім ліхтарыкі, каб запаліцца святлом Пана. Просім Езуса, які неўзабаве прыйдзе ў гэты свет, каб у нашых сэрцах разгарэлася полымя любові», — звярнуўся іерарх да вернікаў, якія прыбылі, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол.
Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам Раства, радасці і надзеі, а таксама адлюстраваннем евангельскага святла.
Сёлетняя акцыя праходзіць пад назвай «Святло, якое яднае». Праз гэта арганізатары акцыі звярнулі ўвагу на тое, што аб’ядноўвае нас, што для нас агульнае, і падкрэслілі, што трэба цешыцца тым, што з’яўляецца супольным дабром, а потым шукаць шляху да поўнай еднасці, да паразумення ў справах, дзе мы адрозніваемся.
У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 19-ы раз. Яго далейшы шлях будзе пралягаць не толькі праз святыні нашай краіны, але наведае шпіталі, хоспісы, састарэлых, самотных і пакінутых людзей.
Акцыя Бэтлеемскага святла міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г. Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема. У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Менавіта ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.