Мінэнерга пачынае грамадскае абмеркаванне экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС. Падрабязнасці ад «Гродзенскага зялёнага партала».
У Беларусі з 17 снежня 2018 г. па 15 студзеня 2019 г. будуць праводзіцца грамадскія абмеркаванні Экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай атамнай электрастанцыі, падрыхтаванай Дзяржаўнай навуковай установай «ОИЭЯИ-Сосны» супольна з зацікаўленымі дзяржорганамі і арганізацыямі, паведамляе сайт Sb.by.
Апавяшчэнне пра грамадскія абмеркаванні Экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай атамнай электрастанцыі і сам даклад размешчаныя на афіцыйным сайце Міністэрства энергетыкі ў падраздзеле «Грамадскія абмеркаванні» раздзела «Ядзерная энергетыка», а таксама на сайтах абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў.
Заўвагі і прапановы па Экалагічным дакладзе па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта Стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай АЭС можна скіраваць
belaes@belaes.by, кант. тэл. (801 591) 7 79 74.
Апроч таго, у папяровым выглядзе Экалагічны даклад па СЭО можна прачытаць па наступных адрасах (туды можна таксама адпраўляць свае заўвагі і прапановы):
Таксама можна падаць заяву і правесці сход грамадскасці, каб абмеркаваць экалагічны даклад. Для гэтага трэба ў тэрмін з 17 снежня па 29 снежня 2018 года адправіць заяву на адрасы інфармацыйнага цэнтра Беларускай АЭС або абласных адміністрацый.
Ідзе ўсяго трэці дзень з моманту з’яўлення справаздачы пра СЭО, і экспертныя ацэнкі яшчэ не гатовы. Па хуткім часе сваю пазіцыю па праблеме сфармулюе БАЯК — «Беларуская антыядзерная кампанія».
«Але я б сказала, што будзе пададзены незалежны пагляд на праблему адкідаў і прапанаваную стратэгію», — удакладняе Таццяна Новікава, каардынатар кампаніі і адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС (была праведзена ў 2010 годзе).Па яе словах, экспертыза ОВОС станцыі выявіла як безгрунтоўнасць ідэі, гэтак і дакумента. Яна не змяніла факт будавання станцыі. Але, нягледзячы на гэта, БАЯК будзе браць удзел у грамадскім абмеркаванні і плануе запрасіць экспертаў для ацэнкі даклада па СЭО:
«У выпадку крытыкі дакумента, які выстаўляецца на абмеркаванне, галоўнае — незалежны і кампетэнтны пагляд. І тады людзі змогуць зразумець, добры гэта дакумент, ці дрэнны, добрая гэта стратэгія — ці ж гэта не стратэгія зусім, а імітацыя, слушныя дадзеныя там прыведзены ці не. Ва ўмовах Беларусі гэта важна, бо тут дакументы распрацоўваюцца дзяржарганізацыямі з вялікімі памылками і часта ўводзяць у зман. Мы ўжо не кажам пра галіну атамнай энергетыкі, дзе збольшага ўсё закрыта, а тое, што было адкрыта — не вытрымвала ніякай крытыкі», — кажа яна.
У дачыненні будавання АЭС і спадарожных пытанняў пазіцыя БАЯК і арганізацый, што вядуць кампанію, не змяніліся, паводле слоў Таццяны Новікавай:
«Атамная галіна не патрэбна Беларусі, яна нясе ўсе новыя і новыя небяспечныя неспадзеўкі, у ёй велізарныя, непрымальныя для грамадства рызыкі, у тым ліку ад АЯТ — адкідаў ядзернай энергетыкі», — кажа яна.
Абмеркаванне даклада з падачай заўваг і прапаноў будзе на працягу месяца. Сустрэча з зацікаўленым бакамі можа прайсці ў выглядзе сходу, калі будзе заяўлена грамадзянамі органам улады ў кожным з пералічаных у аб’яве гарадоў: Астраўцы, Мінску, Гродна, Гомелі, Брэсце, Віцебску, Магілёве.
«Таму пакуль няма даты сустрэчы, але ахвотнікам трэба падаць заяву да 29 снежня», — тлумачыць Ірына Сухий, раднік АА «Экадом».
Што рабіць неабыякавым? У адказ Ірына коратка ўздыхнула і выдала нягучны маналог:
«Хм. Лепш бы яго (адпрацаванага паліва, ці АЯТ — рэд.) у нас не было. Бо пытанне пра перапрацоўку і захоўванне не вырашана нідзе ў свеце. Адзін з варыянтаў, наколькі я разумею, гэта часовае сховішча ў надзеі на тое, што з часам знойдзецца рашэнне. Тэхналогіі нашых унукаў так разаўюцца, што гэта перастане быць праблемай — выдатны падыход! Вельмі адказны.
Часовае сховішча лепш за любое пахаванне, бо там АЯТ можна трымаць пад кантролем. Невядома, якія працэсы маглі б адбыцца пры пахаванні. З іншага боку, што, калі нешта пойдзе не так? Рызыка забруджання даволі высокая.
Гэта вельмі класічны прыклад моманту, калі мы павінны падумаць і пакінуць чыстую зямлю будучым пакаленням. Сённяшняе пакаленне стварае праблему, якую развязваць не яму — станцыя па плане павінна працаваць 60 гадоў, і не застанецца нікога з сённяшняй дырэкцыі.
Абмеркаванне даклада пра СЭО — гэта вельмі ўхвальна, але ў прынцыпе большасць дзяржорганаў успрымае абмеркаванні як інфармаванне грамадзянаў».
«Мы будзем браць удзел у абмеркаванні і прыцягваць экспертаў, — кажа Анастасия Дарафеева, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя». — Але трэба адзначыць некалькі важных момантаў. Першы — нам прапануюць абмяркоўваць праект стратэгіі абыходжання з адкідамі ядзернага паліва. Але гэта не касуе, што сам праект будавання АЭС і рашэнне не абмяркоўваліся. Усе працэдуры, злучаныя з абмеркаваннем ОВОС станцыі, праходзілі з буйнымі парушэннямі.
Добра, што ідзе абмеркаванне наступстваў з грамадскасцю, але гэта не касуе таго, што не было магчымасці браць удзел у прыняцці рашэння пра будаванне АЭС.І другое — у свеце існуюць толькі часовыя варыянты абыходжання з такімі адкідамі. Добрых і бяспечных рашэнняў няма ні ў каго, а адносна бяспечныя рашэнні - дарагія. Беларусь не зможа дазволіць сабе рашэнні, якія ўжывае Фінляндыя.
Абмеркаванне стратэгіі зусім не значыць, што будзе абраны максімальна бяспечны развязак".
І як сябе паводзіць пры ўсім гэтым умоўнаму кантэнт-менеджару ці прадаўцу сеткавай крамы?
«Калі б я ведала! Але трэба помніць: ядзернае паліва адносна бяспечнае да моманту, пакуль не запушчаны рэактар, гэта — кропка незвароту. Не запускаць рэактар было б добрым рашэннем, але кантэнт-менеджару застаецца хіба што пратэставаць.
Адзінае, што можна будзе рабіць пасля запуску — мінімізаваць шкоду",— кажа Анастасія Дарафеева.
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…