Кіроўцам аўтобусаў «Гроднааблаўтатрансу» забаранілі вешаць у кабіне грамадскага транспарту «непатрэбныя прадметы», да якіх можна аднесці і расійскія «трыкалоры». Такога выніку дамогся сваімі зваротамі і скаргамі лідскі актывіст Валер Мінец, >піша «Радыё С**бода».
Кіроўцу пазбавілі прэміі праз скандал вакол сцяга
Змаганне Валера Мінца з расійскімі сцяжкамі ў Лідзе пачалося сёлета ў верасні. Ён заўважыў у адным з гарадскіх аўтобусаў на лабавым шкле «трыкалор». Папрасіў кіроўцу Івана Пышынскага зняць яго.«Мяне гэта абурыла, бо менавіта пад гэтым сцягам падчас Другой сусветнай вайны расійскія фашысты, салдаты Вермахту, што ваявалі ў складзе Рускай вызваленчай арміі здрадніка і пярэваратня генерала Уласава на баку нацысцкай Нямеччыны, знішчалі мірнае насельніцтва Беларусі, праводзілі карныя аперацыі супраць партызанаў і супрацьстаялі ў баях Чырвонай Арміі», — казаў Валер Мінец.
Да таго ж ён лічыць недапушчальным і незаконным размяшчэнне сімвалаў іншых дзяржаў у месцах грамадскага карыстання.
Кіроўца адмовіўся, па словах Мінца, у грубай і абразлівай форме. Актывіст напісаў скаргу ў аўтобусны парк з просьбай прыбраць расійскія сцягі і прыцягнуць кіроўцу да адказнасці за хамства.
У выніку кіроўцу пазбавілі паловы месячнай прэміі. Аднак пытанне з сімволікай тады не вырашылася.
Забаранілі любыя «лішнія» прадметы ў транспарце
Другі зварот з падобнай жа просьбай лідчук накіраваў у «Гроднааблаўтатранс» — забараніць вешаць у транспарце расійскія сцягі і іншую сімволіку, акрамя дзяржаўных сімвалаў Беларусі.
«Пры павазе да ўласных поглядаў і прыхільнасьцяў кіроўцаў, дзяржаўны грамадскі транспарт не павінен быць месцам выказвання і прапаганды тых самых уласных поглядаў кіроўцаў гэтага аўтатранспарту, у тым ліку праз выкарыстоўванне чужынскай сімволікі», — пісаў ён у лісце.
З ААТ «Гроднааблаўтатранс» ён атрымаў станоўчы адказ. Гэтая арганізацыя 7 снежня выдала загад, які «забавязаў дырэктараў філіялаў выключыць устаноўку (мацаванне) у транспартных сродках прадметаў, не прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіля».
Выключэнні — сродкі навігацыі і відэарэгістрацыі, бартавыя прылады платы за праезд, фіранкі на бакавых вокнах салону аўтобуса і «іншыя прадметы, неабходныя для ажыццяўлення кантролю, забеспячэння бяспекі і камфорту пасажыраў, распаўсюджвання ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку інфармацыі».
Валер Мінец мяркуе, што сцягі да выключэнняў не адносяцца.
Год таму лідскі актывіст дамогся, каб з гарадскога транспарту ў Лідзе зніклі георгіеўскія стужкі. Ён сказаў С**бодзе, што пасля гэтага больш ні разу не бачыў георгіеўскіх стужак у лідскіх аўтобусах.