У групе «Типичный гродненец» у Вконтакте выклалі магчымыя варыянты рэканструкцыі гасцініцы «Беларусь» у Гродне. Невыключана, што менавіта гэты варыянт будзе рэалізаваны ўласнікам будынка.
Нагадаем, роўна год таму гасцініцу «Беларусь» гарадскія ўлады прадалі за 2 мільёны долараў. Новым уладальнікам будынка сталі бізнесоўцы з Баранавічаў, якія выкупілі акцыі гродзенскага прадпрыемства ААТ «Гасцінічная гаспадарка». Бізнесоўцы займаюцца інвеставаннем у розныя аб’екты па ўсёй Беларусі, у тым ліку і гасцінічныя.
Ці будзе рэалізаваны менавіта гэты варыянт рэканструкцыі яшчэ невядома, адзначыў галоўны архітэктар Гродна Дзмітрый Вабішчэвіч.
«Праект гасцініцы „Беларусь“ яшчэ не ўзгоднены, ён у стадыі распрацоўкі. Асабіста мне іншы варыянт дасылалі, гэты я яшчэ не бачыў».
Па ўмовах таргоў гасцініца «Беларусь» мінімум на 5 гадоў захавае гасцінічны профіль. Акрамя таго, у бліжэйшыя 3 гады ў рэканструкцыю новым гаспадарам трэба ўкласці не менш за 1 мільёна долараў і захаваць не менш за 40 працоўных месцаў.
Даведка
Гасцініца «Беларусь» была пабудавана ў 1968 годзе і тады была самай вялікай у Гродне. У ёй 188 нумароў на 242 месцы. Некалькі гадоў таму правялі мадэрнізацыю на некалькіх паверхах. Рэстаран з-за забароны санэпідслужбы закрылі ў снежні 2012. Яго трэба цалкам мадэрнізаваць.