Прэзентацыя адбылася ў Гродзенскай дзяржаўнай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага. У свеце захавалася ўсяго дзве арыгінальныя кнігі, на жаль не ў Беларусі. Адно выданне захоўваецца ў Капенгагене, але яно няпоўнае, а вось паўнацэнны экзэмпляр знаходзіцца ў Лонданскай бібліятэцы, піша «Гродзенская праўда».
— Гэта паўзакрытая бібліятэка юрыдычнай карпарацыі і трапіць у яе не так проста. Напэўна, я адзіны с сучасных даследчыкаў, хто бачыў навочна арыгінал буквара. Таму доўгі час ён заставаўся малавядомым і не даследаваным нашымі вучонымі. Больш за паўгода я вёў перагаворы з Лонданам, каб мне дазволілі папрацаваць з выданнем. Яны скончыліся паспяхова пры дапамозе Міжнароднай асацыяцыі славістаў. Апошнія два гады Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры падтрымцы спонсараў займалася выданнем факсіміле, — расказаў Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Праект рэалізаваны ў форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Дарэчы, першы буквар выдадзены такім жа чынам. Выданне пабачыла свет 24 ліпеня 1618 года. Мова — царкоўнаславянская, месца выдання — друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўе, зараз гэта літоўскі горад Вевіс.


— Нацыянальная бібліятэка мае шырокі досвед у рабоце над факсімільнымі выданнямі, але мы сутыкнуліся з шэрагам праблем. Буквар сам па сабе невялічкія, сціплая кніжка. Узнікла пытанне, як жа паказаць яго значнасць, не змяняючы кнігу. Таму выданне дапоўнена перакладам на сучасную беларускую мову і кнігай з навуковымі даследаваннямі. Дзякуючы моцнай грамадскай падтрымцы праца была праведзена на вельмі высокім узроўні. Перадалі ўсе: ад малюнкаў да царапак на лістах, — падкрэсліў Алесь Суша.


На прэзентацыі публічныя бібліятэкі, навучальныя ўстановы, музеі і рэлігійныя арганізацыі Гродзеншчыны атрымалі ў падарунак экзэмпляры факсімільнага выдання першага буквара, адной с найважнейшых кніг для беларусаў.

