Сучасны гандлёва-адміністрацыйны цэнтр павінен з’явіцца на вуліцы Урыцкага, 23 на месцы раней знесенага гістарычнага будынка. Аб’ект, дзе плануецца аказваць паслугі насельніцтву, павінны ўзвесці да красавіка 2020 года, піша «Вячэрні Гродна».
Уладальнік зямельнага ўчастка — ПСУП «ГроднаЛізінг» — плануе пабудаваць трохпавярховы будынак з верхнім мансардным паверхам і падвалам. Агульная плошча будынка складзе амаль 500 «квадратаў». У самой кампаніі-заказчыка будаўніцтва адмовіліся каментаваць праект будынка.
Дарэчы, аб’ект з’явіцца на месцы так званага «Дома Гажанскага», пабудаванага ў 1890 годзе. Вясной 2007 года ён быў знесены з-за няўдалай надбудовы мансарднага паверху ў пасляваенны час.
Цяпер праект цэнтра праходзіць грамадскае абмеркаванне. Выказацца аб мэтазгоднасці будаўніцтва і ўнесці заўвагі з прапановамі можа любы жадаючы. Адрас электроннай пошты гарвыканкама — gorisp@gorod.grodno.by.