У Белавежскай пушчы паблізу адной з мясцовых вёсак міліцыянты Свіслацкага РАУС сумесна з калегамі з рэгіянальнага аддзела Дэпартамента аховы канфіскавалі 115 літраў самагонкі і крыху больш за 4000 літраў брагі, піша УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У дачыненні да мясцовага жыхара складзены адміністрацыйны пратакол па ч.1 ст. 12.43 КаАП РБ «Выраб або набыццё моцных алкагольных напояў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), захоўванне апаратаў для іх вырабу», санкцыя якой прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй указаных напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

Як патлумачыў 46-гадовы грамадзянін, у адносінах да якога вядзецца адміністрацыйны працэс, самагон ён выгнаў на вяселле сыну. Тым не менш, улічваючы, у якіх маштабах была арганізавана «справа», шчырасць яго слоў выклікае ў міліцыянтаў сумневы.