Адразу некалькі гродзенцаў звярнуліся ў рэдакцыю Hrodna.life з адной праблемай: ва ўзорным гарадскім двары на Індурскай шашы пракладваюць камунікацыі. Дагледжаную зялёную пляцоўку з арт-кампазіцыямі паўскопвалі бульдозерам. Частку кустоў і дрэў зламалі, а частку засыпалі зямлёй.
У канцы 1990-х добраўпарадкоўваць двор на Індурскай шашы пачаў жыхар дома № 2 Уладзімір Мораў. За гады працы разам з аднадумцамі мужчыну ўдалося стварыць адну з самых вядомых пляцовак у Гродне, дзе ў цёплы перыяд заўсёды гуляюць дзеці. Сёння праз пляцоўку будаўнічая арганізацыя пракладае камунікацыі да новага прыпынку на Індурскай шашы.
Бульдозер паламаў дрэвы
Уладзімір Віктаравіч адзначае, што перад працамі на пляцоўцы да яго звярнуліся начальнікі будаўнічай арганізацыі. Прасілі паказаць, дзе можна капаць, каб не сапсаваць кампазіцыю двара. Але ў выніку пляцоўка пазбавілася больш дзясятка раслін і некалькіх кветнікаў.
«Я думаў, яны ўсё акуратна зробяць, а ў выніку прыгналі агромісты бульдозер і паламалі мне дрэвы: абляпіху, хвоі, куст спірэя і іншыя хмызнякі. Разбурылі клумбы з рознымі раслінамі. Унікальны кедр засыпалі зямлёй, а я яго вырошчваў з маленькай семечкі. Прыйшлося адкопваць. Звычайныя працоўныя слухаць не жадалі і ўсё рабілі па-свойму. Ведаеце, такі „Спартак“ нам не патрэбны».