Каб паменшыць нагрузку на пункты пропуску “Каменны Лог”, “Катлоўка” і “Беняконі” беларуская мытня прапануе змяніць статус асобных спрошчаных пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы для арганізацыі ў іх руху легкавых і парожніх грузавых аўтамабіляў, піша БЕЛТА.
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько і выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Мытнага дэпартамента пры Міністэрстве фінансаў Літвы Ёнас Мішкініс абмеркавалі пытанні забеспячэння бесперапыннага патоку транспартных сродкаў і павышэння прапускной здольнасці на беларуска-літоўскай мяжы напярэдадні навагодніх святаў, а таксама падрыхтоўку да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў.
Як было адзначана, праз беларуска-літоўскую мяжу за 11 месяцаў 2018 года прайшло на 186 тыс. Транспартных сродкаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (амаль 2 млн). Пры гэтым 34% усяго транспартнага патоку прыпадае на пункт пропуску “Каменны Лог”.
– У 2019 годзе пачнецца маштабная рэканструкцыя гэтага пункта пропуску, пасля якой чакаецца трохразовае павелічэнне яго прапускной здольнасці, – адзначылі ў ДМК. – Значна паскорыць правядзенне мытнага кантролю дазволіць ўстаноўка стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу замест наяўнага мабільнага. Таксама паблізу “Каменнага Лога” пачата будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра з вялікімі складскімі памяшканнямі, на якім будзе адкрыты ведамасны пункт мытнага афармлення.
У гэтым годзе мытнымі службамі Беларусі і Літвы рэалізаваны праект “Развіццё інстытуцыйнага патэнцыялу мытнай службы Рэспублікі Беларусь”, мерапрыемствы якога былі накіраваны на павышэнне прапускной здольнасці пунктаў пропуску, размешчаных на беларуска-літоўскай мяжы. У прыватнасці, у лістападзе ў пункце пропуску “Каменны Лог” быў праведзены эксперымент па аптымізацыі пропуску парожніх грузавых транспартных сродкаў.