На фоне сярэднестатыстычнай зарплаты амаль у 1000 рублёў па краіне, заробкі нават у 300 рублёў лічацца вельмі нізкімі. Між тым амаль 20% сем’яў у Беларусі жывуць менш чым на 300 рублёў у месяц. Intex-press паглядзела, дзе ў нашай краіне самыя нізкія заробкі.

У базе дадзеных Дзяржаўнай службы занятасці нашай краіны знаходзіцца больш за 3,2 тысячы вакансій на зарплату менш за 300 рублёў, і прыкладна кожная 10-я з іх — на зарплату да 50 рублёў.

Ад 6,1 рублёў

Гэтых грошай сёння хопіць хіба што на баханку хлеба і некалькі пакетаў малака. Тым не менш у базе дадзеных ёсць адна такая вакансія. На пастаянную працу на 0,02 стаўкі шукаюць кухоннага работніка ў дзіцячы сад у аграгарадку ў Гродзенскай вобласці. Як чалавек, атрымліваючы аплату ўсяго за гадзіну-паўтара працы, павінен хаця б харчаблок ў чысціні ўтрымліваць на працягу цэлага тыдня, незразумела. А ў абавязкі кухоннага работніка дзіцячага сада ўваходзіць не толькі гэта.

Ад 15,25 рублёў

За гэтыя грошы прапануюць падпрацаваць выхавальнікам і памочнікам выхавацеля на 0,05 стаўкі. Адна з гэтых вакансій, дарэчы, ёсць у Баранавіцкім раёне. Праўда, калі дзеля двух гадзін працы ў тыдзень ездзіць у вёску з горада, то толькі на праезд сыдзе значная частка зарплаты.

Ад 19 рублёў

Трошкі лепш аплачваецца праца выхавальніка дашкольнай адукацыі ў вёсцы ў Гродзенскай вобласці. Пры тых жа ўмовах працы, што пазначаны вышэй, — за 0,05 стаўкі. На стаўку атрымліваецца каля 380 рублёў - больш, чым па некаторых вакансіях ў Баранавічах.

Ад 30,5 рублёў

На гэты заробак спіс з пяці вакансій. І больш разнастайны. Акрамя ўжо названых вышэй работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі патрабуюцца акумулятаршчык на прадпрыемства, якія гандлююць нафтапрадуктамі, і працаўнік рытуальных паслуг. Праца на 0,1 стаўкі.

Ад 31,5 рублёў

Самая багатая з самых бедных вакансій у Беларусі - пасада абпальвальшчыка вырабаў на шчучынскім заводзе. І адпрацаваць гэтыя грошы трэба прыкладна 4,5 гадзіны ў тыдзень.