Пачаўся суд над таксістам, які збіў жанчыну на пешаходным пераходзе на Перамоганоснай вуліцы ў верасні гэтага года. Першае пасяджэнне адбылося ў судзе Кастрычніцкага раёна ў сераду, 5 снежня, піша «Вячэрні Гродна».
Абвінавачаны са сваёй жонкай і чатырохмесячнай дачкой, муж і маці загінулай жанчыны, яшчэ некалькі сведак сабраліся ў зале суда за пару хвілін да пачатку паседжання. Падсудны, 24-гадовы малады чалавек шчыльнага целаскладу ў чорнай футболцы і джынсах, нешта хутка абмеркаваў з адвакатам і заняў месца.
Кіроўцу таксі абвінавачваюць у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2 арт. 317 КК РБ). Дарэчы, па крымінальнай справе ён не затрымліваўся і пад вартай не знаходзіўся.
У той фатальны ранак да заканчэння начной змены яму заставалася ледзь больш за гадзіну. Напярэдадні Сяргей, як і трэба, прайшоў медыцынскі і тэхнічны агляды, пра што ёсць адзнакі ў шляхавым лісце.
— Я ехаў з боку «Азота» на заказ на Кляновую вуліцу. Праехаў кальцо, перавёў погляд на навігатар ў мабільным тэлефоне, каб паглядзець, дзе паварот на Кляновую. Дзесьці за 15 метраў да пешаходнага пераходу ўбачыў, што мне гарыць чырвоны, але не стаў тармазіць, вырашыў праскочыць, — падрабязна распавядае абвінавачаны.
Далей, кажа Сяргей, усё адбывалася імкліва. Ужо будучы на пешаходным пераходзе ён заўважыў пешахода, паспрабаваў сысці налева і націснуў на тормаз, але пазбегнуць наезду не ўдалося. Жанчыну падкінула ўверх і адкінула на некалькі метраў. Сам таксіст спыніўся толькі ў 16 метрах за «зебрай». Тут жа выклікаў ДАІ і хуткую. 35-гадовую пацярпелую з шматлікімі траўмамі шпіталізавалі, але выратаваць яе не ўдалося. Праз некалькі дзён яна памерла не прыходзячы ў прытомнасць.
Відавочцы кажуць, што хуткасць была немаленькай. Па матэрыялах справы, таксіст ехаў з перавышэннем — 64 км / ч.
— На вуліцы было светла. Мне загарэўся зялёны, я паглядзела налева, пераканалася, што машыны спыніліся, і стала пераходзіць дарогу. Бачыла, як да пераходу не збаўляючы хуткасці, неслася машына белага колеру. Яна не тармазіла і хуткасць яе была немаленькая, — распавяла дзяўчына, якая ў тую раніцу ішла па гэтай зебры насустрач загінулай і бачыла момант наезду.
Як высветлілася, у службе таксі Сяргей прапрацаваў менш за месяц, быў яшчэ на выпрабавальным тэрміне. Па словах дырэктара фірмы, дзе ён працаваў, ніякіх заўваг з нагоды абвінавачанага не было, характарызаваўся станоўча, пасажыры не скардзіліся, ад працы не ўхіляўся, браў замовы.
Абвінавачаны жанаты, нядаўна ён стаў татам. Ураджэнец Капцёўкі, але з сям’ёй жыве ў Гродне. З 18 гадоў працуе кіроўцам. Стаж у яго амаль 7 гадоў. У студзені гэтага года уладкаваўся на фуру, прапрацаваў там паўгода, ездзіў у Еўропу, Расію, а калі нарадзілася дачка, вырашыў знайсці працу ў горадзе і уладкаваўся таксістам. Заадно праходзіў медкамісію, каб вярнуцца ў войска на кантракт.
Сваю віну абвінавачаны прызнае цалкам. У зробленым раскайваецца. Пасля трагедыі Сяргей некалькі разоў сустракаўся з мужам загінулай, прасіў прабачэння, перадаў яму ў рахунак пакрыцця маральнай шкоды 1 900 рублёў.
Пацярпелым па справе прызнаны муж загінулай Іван. У шлюбе з Таццянай яны пражылі 13 гадоў. У сям'і выхоўваецца сямігадовая дачка. Муж і жонка разам працавалі на адным прадпрыемстве: яна — прадаўцом, ён — вартаўніком.
— Я звычайна завозіў спачатку яе на працу, а потым дачку ў сёмую гімназію. А ў той дзень прывёз іх абедзвюх пад гімназію да 07:30 і з’ехаў па справах. Пазней мне патэлефанавала свякроў і сказала, што Таня не выйшла на працу. Набраў жонцы, але трубку падняла лекар. Я кінуў усё і паехаў у бальніцу, — успамінае Іван. — Таня так і не прыйшла ў сябе. Раней дачка пастаянна была з мамай, таму зараз мы рэдка бываем дома, ездзім на дачу, кудысьці выходзім.
У судзе пацярпелы заявіў аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 50 000 рублёў. Праўда, пакуль пазоў ён не падаў. Яму належыць таксама страхавая кампенсацыю ў памеры 10 тысяч еўра.
Аўтамабіль «Шкода Рапід» 2018 года выпуску, на якім быў здзейснены наезд, арыштаваны. Дарэчы, машына знаходзіцца ў арэндзе службай таксі, а належыць індывідуальнаму прадпрымальніку і пакуль у закладзе ў банка. Асабісты аўтамабіль абвінавачанага таксама пад арыштам.
Дарэчы, абвінавачанаму пагражае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ да 2 гадоў, або абмежаванне волі да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
Завадчане працягваюць прыцягвацца па артыкуле 19.11 КаАП. Гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя…
23 снежня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі акаўнты ў Facebook і візуальны матэрыял гродзенцаў…
Сайт і сацсеткі сайта Grodno.in прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Ленінскага раёна Гродна 20 снежня.…
Новыя суддзі з'явіліся ў Гродне і вобласці па ўказе Лукашэнкі. Жыхара Навагрудка судзяць за атрыманне…
На пляцоўцы «Куфар» з'явілася аб'ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе…
Аб'явы аб здачы памяшканняў у арэнду з'явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб'явах…