“Мова Нанова” разам з турыстычным агенцтвам “My Travel” распачынае праект “Таемны Зюзя”. Гродзенцы, якія далучацца, будуць называцца Зюзікамі, і ўсляпую абмяняюцца навагоднімі і каляднымі падарункамі.
Што ад вас патрабуецца?
Ад Вас патрабуецца падрыхтаваць падарунак і перадаць яго ў маёнтак Зюзі, што знаходзіцца па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 31/121 (офіс турагенства “My Travel”).
Можна падрыхтаваць дадатковы падарунак, які будзе перададзены дзеткам з Панямунскага дзіцячага дома. Узрост дзяцей ад 3 да 18 год. Гэта могуць быць цацкі або больш практычныя рэчы (пальчаткі, тапачкі, касметычныя сродкі і г.д.).
Пасля таго, як у маёнтку будуць усе падарункі, пачнецца самае цікавае: Зюзя будзе раздорваць іх усім удзельнікам.
З чаго пачаць?
Для зручнасці праект падзяляецца на этапы. Першы этап: з 3 па 15 снежня – рэгістрацыя Зюзікаў. Другі этап: з 16 па 22 снежня – перадача падарункаў у маёнтак Зюзі. І трэці – з 26 па 30 снежня – дастаўка і атрыманне падарункаў. Падрабязную інструкцыю чытайце у Фэйсбуку або Укантакце.
Важна выканаць некаторыя правілы:
*падарунак павінен каштаваць не менш чым 15 беларускіх рублёў. Скажам, каб не было камусьці крыўдна атрымаць шакаладку ў адказ на падораны Айфон. Калі ў падарунак укладзена асабістая праца, і вы не можаце аб’ектыўна ацаніць кошт, то парайцеся з сябрамі.
*падарунак павінен быць запакаваны ў непразрыстую паперу.
*на асноўным падарунку павінен быць указаны нумар, які вы атрымалі пры рэгістрацыі.
**калі вы падрыхтавалі і дадатковы падарунак па лісце да Зюзі, то на ім укажыце “Зюзіку №__” і нумар таго, каму прызначаецца падарунак (кошт гэтага падарунка не мае значэння). Тут можна ўказаць і ад каго падарунак.
*забараняецца перадаваць падарункі, якія вам не спатрэбіліся, альбо рэчы, якія ўжо былі ў карыстанні (б/у). Ну, калі вы, канечне, не ўпэўнены, што гэта супер патрэбны і карысны падарунак.
*рыхтуйце падарункі ўнісэкс, каб, часам, дзяўчыне не трапіўся чыста мужчынскі падарунак, а хлопцу – жаночы.


