На пустцы паміж новай гасцініцай Станіслава Сямашкі і моладзевым цэнтрам «Гродна» ўзвядуць будынак грамадскага прызначэння. Там можа з’явіцца ўстанова грамадскага харчавання, офісны або забаўляльны цэнтр, піша «Вячэрні Гродна».
Зямельны ўчастак, на якім плануецца будынак, гарвыканкам выставіў на адкрытыя таргі. Пачатковы кошт за 12 сотак у цэнтры горада — 86 тысяч рублёў. Па ўмовах таргоў, будучая пабудова павінна быць двухпавярховай з мансардай або без яе. Акрамя таго, уладальнік пры праектаванні павінен улічваць, што гістарычны цэнтр — гэта пераважна невысокія будынкі пачатку мінулага стагоддзя.
Будаўнічы праект трэба распрацаваць у тэрмін да двух гадоў, а прыступіць да работ — не пазней за 6 месяцаў (для юрыдычнай асобы) або 1 года (для фізасобы) з дня зацвярджэння праектнай дакументацыі.
Аўкцыён адбудзецца 26 снежня.