Афіцыйна “Нёман” не паведаміў аб расставанні з камерунцам Абуной, але футбаліст даў зразумець, што супрацоўніцтва з гродзенцамі на сённяшні дзень у яго скончана і гэта нягледзячы на тое, што кантракт у футбаліста з клубам быў разлічаны да 2019 года.
У “Нёмане” распавялі Hrodna.life, што клуб растаўся з футбалістам па ўзаемнай згодзе абодвух бакоў, а афіцыйная інфармацыя з’явіцца ў бліжэйшы час.
Нагадаем, камерунец Жан-Патрык Абуна штогод, пачынаючы з 2010 года, спрабаваў перабрацца ў Еўропу, але знайсці клуб яму ніяк не атрымлівалася. Толькі ў 2017 годзе афрыканец з дапамогай свайго сябра Бебе, які ўжо на той момант два сезоны выступаў у “Нёмане”, здолеў трапіць у Беларусь. I толькі з другой спробы футбалiст здолеў зрабіць уражанне на трэнерскі штаб жоўта-зялёных. Пасля перадсезоннай падрыхтоўкі, ён стаў асноўным гульцом складу гродзенскай каманды.
У мінулым сезоне футбаліст згуляў у 28 матчах за “Нёман”, правёўшы на полі 2430 хвілін. Гэта быў адзiн з найлепшых паказчыкаў сярод гульцоў гродзенскай дружыны за 2017 год i нават кіраўніцтва клуба прапанавала яму новы кантракт. У тым сезоне камерунец большую частку гульняў правёў на пазіцыі крайняга левага абаронцы, а ў канцы чэмпіянату заняў месца ў цэнтральнай зоне абароны. На апошняй пазiцыi ў новым сезоне ён і пачынаў гуляць, але гэта прывяло да не вельмі ўпэўненых вынікаў і страты месца ў асноўным складзе.
Вядома, што ў апошнім матчы сезона – 2018 у якiм “Нёман” у Гродне будзе прымаць “Дынама-Брэст”, Абуна на поле ўжо не выйдзе.