Сацыяльны мюзікл «І ты зможаш» валанцёры Гродзенскага дзіцячага хоспіса прадставяць гродзенцам 5 снежня ў 18.00 у «Цэнтр гарадскога жыцця». Выбар даты прэм’еры не выпадковы: 3 снежня адзначаюць Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю, а 5 снежня — Дзень валанцёраў.
Гераіня мюзікла — звычайная дзяўчына Міла, якая вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе талентаў. Праўда, ёсць адно «але». Міла — чалавек з інваліднасцю. Як цяжка будуць давацца ёй выпрабаванні і наколькі важная падтрымка блізкіх людзей? Ці дойдзе яна да фіналу? Ці гатова грамадства быць талерантным і прымаць праблемы людзей з інваліднасцю?
Адказы на пытанні будуць шукаць на сцэне акцёры-валанцёры і падапечныя Гродзенскага дзіцячага хоспіса.
Гэтая арганізацыя працуе ў Гродне ўжо 10 гадоў. З іх 6 гадоў - дапамагае не толькі захоўваць здароўе дзяцей з інваліднасцю, але і раскрываць іх таленты. Мюзікл «І ты зможаш» стане ўжо чацвёртай іх творчай працай.
Падтрымаць акцёраў і падапечных дзіцячага хоспіса на прэм’еры прыйдуць сябры арганізацыі - Фірма AVELUX і Гродзенская абласная натарыяльная палата. Гэтыя арганізацыі сталі сябрамі дзіцячага хоспіса у 2018 годзе і вядома, прыйшлі з падарункамі. Фірма AVELUX усталюе ў дзіцячым хоспісе сістэму электрычнага ацяплення, каб падапечным было цёпла і камфортна падчас лячэбных працэдур і заняткаў. Гродзенскія натарыусы дапамаглі закупіць для дзяцей з інваліднасцю неабходнае медыцынскае абсталяванне.