Алесь Дзянісаў абскарджваў рашэнне Суда Кастрычніцкага раёна Гродна, які асудзіў яго на 25 базавых (613 рублёў) за рэпосты са старонкі, прызнанай экстрэмісцкай. Гродзенскі абласны суд пакінуў рашэнне без зменаў.

У сакавіку 2017 года Алесь Дзянісаў зрабіў Укантакце рэпосты са старонкі «Революционное действие». Ён размясціў два відэа пра акцыі беларускіх анархістаў падчас Маршаў недармаедаў. У верасні 2018 года на Дзянісава склалі пратакол па ч.2 арт.17.11 КаАП РБ — Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А ў лістападзе асудзілі штрафам на 25 базавых велічынь.

Дзянісаў у Гродзенскім абласным судзе прасіў правесці экспертызу двух размешчаных відэа. Справа ў тым, што суполку прызналі экстрэмісцкай 22 лістапада 2016 года. І ёсць пералік матэрыялаў, з-за якіх гэта зрабілі. Сярод іх няма відэа, якія размясціў Алесь, яны з’явіліся ў сакавіку 2017 года. А суполка была ў агульным доступе да верасня 2018.

Таму, лічыць Алесь, трэба правесці экспертызу размешчаных відэа. І зрабіць запыт у Міністэрства інфармацыі, каб спраўдзіць, ці прызнаныя відэа экстрэмісцікімі. Пра гэта Алесь хадатайнічаў у судзе. Суддзя адмовіў.

Цяпер у Дзянісава ёсць 10 дзён, каб сплаціць штраф. Алесь не ведае, ці будзе абскарджваць рашэнне ў вышэй стаячых органах, і плануе раіцца з юрыстамі.