Дзіцячая турбаза “Мелавыя горы” на беразе Нёмана сёлета засталася без ацяплення. У рэдакцыю Hrodna.life звярнуўся чытач Ігар, які хвалюецца, што праз гэта аб’ект закрыецца.
“Усё жыццё яна працавала, а ў гэтым годзе прыехала праверка і абрэзалі ўсе батарэі: нібыта не па нормах, патрэбен асобны будынак кацельні. Вартаўнікі сядзяць без ацяплення. Што будзе далей – можна толькі здагадвацца. Вядома, у бюджэтнай арганізацыі няма сродкаў для пабудовы асобнай кацельні”, – напісаў наш чытач. Ён хвалюецца, што маляўнічае месца можа ў выніку быць прададзена прыватніку.
Рыхтуюць чэмпіёнаў, але ёсць праблемы з пажарнай бяспекай
Дзіцячая турбаза “Мелавыя горы” гэта два невялікія драўляныя будынкі. Іх пабудавалі ў сярэдзіне 20 ст. Сёння турбаза належыць дзяржаўнай установе адукацыі “Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства”.

Тут рыхтуюць чэмпіёнаў: сёлета хлопцы, якія рыхтаваліся на турбазе, занялі першае месца на чэмпіянаце Еўропы па тэхніцы пешаходнага турызму. Апроч гэтага выхаванцы турбазы займаюць прызавыя месцы на абластных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні.
Таксама на турбазе праводзяцца велазаезды з перашкодамі, сплавы на байдарках, тут займаюцца спартыўнай рыбалкай і скалалазаннем.
Але зараз месца засталося без ацяплення. У кіраўніцтве турбазы расказалі, што праблемы ўзніклі таму, што сістэма ацяплення не адпавядае сучасным нормам супрацьпажарнай бяспекі. Паводле заключэння Дзяржпрамнагляду кацёл не павінен знаходзіцца ў памяшканні. Кацельня павінна месціцца ў асобным будынку.

Турбаза працягне працаваць
Нягледзячы на адсутнасць ацяплення турбаза працягне працаваць. “Асноўная частка мерапрыемства адбываецца ў цёплы перыяд, – кажа дырэктар Андрэй Лунін. – Удзельнікі турзлётаў жывуць ў намётах”. Апошні турзлёт ладзілі падчас восеньскіх вакацый – літаральна тры тыдні таму.
Турбазу паволі абнаўляюць
Хоць турбаза і пабудавана ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, кіраўніцтва ўсімі сіламі падтрымлівае яе ў належным стане і па магчымасці ўзводзіць нешта новае. Гэта робіцца не толькі за грошы, вылучаныя бюджэтам, але і за пазабюджэтныя сродкі, якія атрымліваецца зарабіць.

Летась на тэрыторыі турбазы замянілі электраправодку, паставілі энергазберагаючыя лямпы. У 2013 старыя драўляныя вокны замянілі на шклопакеты. На тэрыторыі пабудавалі вялікую бяседку.
Грошай на кацельню няма
Аднак на будаўніцтва кацельні грошай няма. “Мы спадзяемся, што грошы знойдуцца і ацяпленне вернецца. Магчыма, перайдзем на абагрэў ад электрычнасці”, – кажа дырэктар Андрэй Лунін. Нават калі на тэрыторыі нічога не праводзілася, то ацяпленне ў турбазе раней заўсёды працавала: трэба падтрымліваць мінімальную тэмпературу, каб будынкі лепш захоўваліся. Сёння на тэрыторыі турбазы застаецца працаваць вартаўнік і яго пакой акурат ацяпляецца электрычным абагравацелем.
Планаў пазбаўляцца ад турбазы, напрыклад праз продаж, зараз няма.


