Брэсцкае «Дынама» спрабуе абскардзіць рашэнне арбітражу БФФ, які абавязаў клуб выплаціць «Нёману» кампенсацыю ў памеры 265 тысяч долараў за падрыхтоўку паўабаронцы Паўла Савіцкага, які перайшоў у стан «бела-сініх», піша «Прессбол».

Берасцейцы звярнуліся ў вышэйстаячую інстанцыю — Спартыўны арбітражны суд у Лазане (CAS). Нагадаем, Арбітраж БФФ 25 кастрычніка скараціў суму кампенсацыі з 398 да 265 тысяч даляраў.

28 снежня брэсцкае «Дынама» абвясціла, што заключыла з Паўлам Савіцкім трохгадовае пагадненне. Пасля падпісання «Нёман» накіраваў у Брэст ліст з патрабаваннем кампенсацыі за «падрыхтоўку і навучанне» футбаліста. Падставай для гэтага стаў пункт 4 артыкула 22 «Рэгламенту АБФФ па статусе і трансферах футбалістаў». «Нёман» патрабаваў за футбаліста 600 тысяч даляраў.

Але пазней бакі дамовіліся, што кампенсацыю «Нёману» выплаціць кампанія «Сохра-групп» — асноўны фінансавы спонсар клуба берасцейцаў. Яе памер павінен быў скласці 211 тысяч даляраў, аднак «Дынама» не выплаціла суму і гродзенскі клуб звярнуўся ў АБФФ.