Праз скаргі мясцовых жыхароў касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе скасаваў першы звон да нядзельнай малітвы. Раней ён гучаў у 7.30 ранку.

Жыхар мікрараёна Індустрыяльны у Лідзе скардзіцца, што толькі выйшаў на пенсію і меркаваў нарэшце выспацца. Раней яму даводзілася вельмі рана ўставаць на працу. Але ягоны дом знаходзіцца поруч з касцёлам, і па раніцах ён прачынаецца пад звон званоў. Такі “будзільнік” яго вельмі абурае, пішуць “Прынёманскія весці”.

Ігумен касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Андрэй Агель растлумачыў, што ў каталіцкай царкве існуе даўняя традыцыя: за паўгадзіны да пачатку набажэнства склікаць вернікаў на малітву. У іх касцёле імшы праводзяцца а 9 раніцы з панядзелка па суботу. Таму ў 8.30 і гучыць звон.

«Я лічу, што 8.30 – гэта не такая ўжо і ранняя пара. Абсалютная большасць людзей у гэты час ужо прачынаюцца, – адзначае ігумен храма. – Таксама трэба ўлічваць і пачуцці вернікаў. Звон не толькі чысціць нашу душу, але і лечыць цела».

Айцец Андрэй расказаў, што першая нядзельная імша пачынаецца а 8 раніцы, наступная – у 10.00. Раней звон гучаў у 7.30. Але ад мясцовых жыхароў пачалі паступаць скаргі. У касцёле пайшлі насустрач людзям, і зараз звон па нядзелях звоніць толькі ў 9.30.

Чытайце яшчэ:  Законам не абаронена. Улады распавялі, што будзе з аркай Радзівілаў, якая разбураецца пад Лідай
Чытайце яшчэ:  "Бяда вельмі згуртавала вернікаў". Як аднаўляюць касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы пасля пажару