Наведвальніца бара ў Гродне стала фігуранткай крымінальнай справы за пашкоджанне кнігі скаргаў, паведамляе гродзенская міліцыя.
30-гадовая гродзенка заседзелася ў бары па вуліцы Кірава. Каля 6 гадзін раніцы настрой у наведвальніцы стаў змяняцца. У нейкі момант ёй не спадабалася абслугоўванне, і яна запатрабавала кнігу скаргаў і прапаноў. Аднак ўпісаць туды нешта ўцямнае дзяўчына не змагла, замест гэтага яна вырвала з кнігі некалькі старонак.
Адміністрацыя выклікала на месца супрацоўнікаў міліцыі. Дзяўчына раней ўжо была судзімая.
Кніга скаргаў і прапаноў з’яўляецца афіцыйным дакументам. На дзяўчыну завялі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж, знішчэнне або пашкоджанне дакументаў».