Гродзенец, якога нядаўна не пусцілі ў аўтобус з сабакам, распавёў пра гэта «Вячэрняму Гродна».

«Я пенсіянер, сваёй машыны няма. Вяртаўся дадому з дачы разам з сабакам. На прыпынку на Тарусічскай вуліцы хацеў зайсці ў аўтобус № 35, але кіроўца не пусціў, сказаўшы, што нельга, хоць сабака быў з ашыйнікам, у намордніку і на ланцугу. Я нават гатовы быў заплаціць за яе праезд. Прыйшлося з Юбілейнага возера дадому, на вуліцу Шчорса, ісці пешшу. Да гэтага кожныя выхадныя браў сабаку на дачу і заўваг ад кіроўцаў не было. У мяне лабрадор, ён спакойны, паслухмяны, да небяспечных парод не адносіцца. Дык чаму не пусцілі?»

Паводле Правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў, якія ўступілі ў сілу 12 кастрычніка 2018 года, пасажыр мае права правозіць у рэгулярнай камунікацыі (сюды адносіцца і грамадскі транспарт) толькі дробных хатніх жывёл (сабак, катоў і іншых) вышынёй не больш за 25 см і птушак у клетках, скрынях, мяшках або торбах з воданепранікальным абсарбуючым дном. Гаспадар сам нясе адказнасць за захаванне мер бяспекі і санітарных нормаў.

Сабаку буйной пароды (вышынёй больш за 50 см) дазволена везці толькі ў нерэгулярнай камунікацыі са згоды перавозчыка пры ўмове бяспекі пасажыраў. Пры гэтым пасажыр павінен быць не маладзейшы за 16 гадоў, а калі сабака патэнцыйна небяспечнай пароды, то пасажыр павінен быць паўналетнім.

Як растлумачылі ў ААТ «Аўтобусны парк горада Гродна», у такіх выпадках неабходна скарыстацца паслугамі таксі.