Украінец схаваў у хованцы ў машыне дзве тысячы флаконаў гармону росту і спрабаваў правезці іх у Літву.

Як піша «Гродзенская праўда», грамадзянін Украіны кіраваўся ў Літоўскую Рэспубліку праз пункт пропуску «Прывалка», і для праходжання мытнага кантролю выбраў «чырвоны» калідор з мэтай задэклараваць свой аўтамабіль.

Пасля праверкі дакументаў супрацоўнікі мытні прынялі рашэнне пра правядзенне дадатковага кантролю.

У выніку сканавання і агляду транспартнага сродка выявілі схоў, у якім быў «NANOTROP».

На гродзенскай мытні затрымалі ўкраінца з дзвюма тысячамі флаконаў гармону росту

Паводле папярэдняй ацэнкі, кошт прэпарату склаў 43 тысячы беларускіх рублёў. Тавар і аўтамабіль канфіскаваныя. У дачыненні да кіроўцы пачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 2 ст. 14.1 КААП Рэспублікі Беларусь («Незаконнае перасоўванне тавараў праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь»).

Даведка

Прэпарат Nanotrop выкарыстоўваецца атлетамі для павелічэння цяглічнай масы, таксама ў сеціве пішуць, што гэты гармон дапамагае даць рады наступствам стрэсаў і падвышанай нагрузкі ў спартовай зале.