У выніку ДТЗ паміж таксі і мікрааўтобусам на скрыжаванні вуліц Кірава і Сацыялістычнай на цэнтральных вуліцах утварыліся сур’ёзныя заторы, а тралейбусы стаялі, бо не маглі аб’ехаць удзельнікаў аварыі. Сутыкненне адбылося прыкладна ў 13.30 у чацвер, 8 лістапада. Дэталі паведамляе «Вячэрні Гродна».
Таксі Skoda перакрыла адразу дзве паласы: на аўтамабілі было спушчана пярэдняе левае кола, нязначна пабіты бампер, сур’ёзна падрапана левае крыло. Легкавікі аб’язджалі пацярпелы аўтамабіль па пешаходнай дарожцы, буйнагабарытны транспарт змушаны быў прастойваць — некаторыя аўтобусы аб’язджалі месца сутыкнення па ходніку.
— Я ехаў па Кірава на Савецкую ў правай паласе, калі раптам кліент задурыў галаву і сказаў павярнуць. Калі здзяйсняў манеўр, не заўважыў, што па левай паласе едзе мікрааўтобус, — расказаў кіроўца таксі Зміцер.
На Сацыялістычнай у момант стаў караван з тралейбусаў.