7 лістапада, у сераду, на вуліцы Магістральнай кіроўца BMW збіў дзяўчыну, яна атрымала цяжкія пашкоджанні ў выніку наезду.
Дэталі аварыі AutoGrodno.by паведаміла Людміла Ракевіч, інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды упраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама: «У 22:30 кіроўца BMW рухаўся па вуліцы Магістральнай з боку вуліцы Таўлая. Пад’язджаючы да нерэгуляванага пешаходнага пераходу, ён не заўважыў хлопца і дзяўчыну, якія трымаючыся за рукі нечакана для яго выйшлі на праезную частку».
20-гадовы кіроўца BMW студэнт, мае 38 штрафаў за парушэнне ПДР.
Пацярпелая дзяўчына 2000 года нараджэння атрымала шматлікія параненні і змешчана ў рэанімацыйнае аддзяленне. Малады чалавек, які трымаў яе за руку, паводле папярэдняй інфармацыі, не пацярпеў.
Гаворка ідзе пра пешаходны пераход паблізу шляхавода. У вечаровы час святлафорнае рэгуляванне на пераходзе адключаецца і ён робіцца нерэгуляваным. Кіроўцы Гродна часта кажуць пра тое, што гэты пешаходны пераход трэба ліквідаваць, улічваючы размешчаны паблізу пешаходны мост.
У Дзяржаўтаінспекцыі дадалі, што 20-гадовы кіроўца летась двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за няпропуск пешаходаў, сёлета — чатыры разы за перавышэнне хуткасці.