Што такое трасянка, здаецца, ведае кожны. На курсах «Мова Нанова» вырашылі глыбей разабраць гэта паняцце. Аказваецца, мы проста размаўляем, а тут — і моўная інтэрферэнцыя, і дыялекты, і дзяржаўная палітыка.
1. У прамым значэнні трасянка — гэта нізкаякасная сумесь сена і саломы, якой кормяць буйную рагатую жывёлу. Ёсць украінскі аналаг — суржык — сумесь рускай і ўкраінскай моваў. У прамым значэнні гэта сумесь жыта і пшаніцы або ячменя і аўса.
2. Ад літаратурнай мовы трасянка адрозніваецца тым, што ў ёй няма узусу — правілаў ужывання. Кожны трасянку стварае сам сабе. Да трасянкі нельга адносіць дыялекты, бо дыялекты маюць сістэмы. А трасянка хаатычная, яна залежыць ад моўнай кампетэнцыі і камунікатыўнай сітуацыі.
3. Трасянка ўзнікла падчас урбанізацыі па некалькіх прычынах. Па-першае, беларуская і руская мовы падобныя. Па-другое, быў час, калі адбывалася гвалтоўная русіфікацыя беларускамоўнага насельніцтва. Па-трэцяе, руская мова ў той час лічылася больш прэстыжнай за беларускую. Вяскоўцы прыязджалі ў горад і намагаліся размаўляць па-руску, але не ведалі правілаў. Атрымлівалася трасянка. А зараз яна захоўваецца з-за наяўнасці дзвюх дзяржаўных моваў і адсутнасці дзяржаўнай моўнай палітыкі ў падтрымку беларускай мовы.
4. Неабходна адрозніваць трасянку ад дыялекта. Дыялект — гэта мова, якая распаўсюджана на пэўнай тэрыторыі і мае носьбітаў. Пакуль жывуць носьбіты, жыве дыялектная мова.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа, што дыялекты зараз ствараюцца ў гарадах. Можна сказаць, што ёсць мінскі і гродзенскі дыялект. Напрыклад, гродзенцаў пазнаюць па фразе «але ж ты», якая будзе незразумелай у іншых рэгіёнах. У існаванні дыялектаў няма нічога заганнага і існуюць яны паўсюль. Напрыклад, мова баварца і жыхара ўсходняй Германіі будзе адрознівацца.
5. У трасянцы праяўляецца моўная інтэрферэнцыя — прысутнасць элементаў адной мовы ў маўленні на іншай. Вылучаюць некалькі ўзроўняў інтэрферэнцыі: фанетычны, акцэнталагічны, марфалагічны, словаўтваральны і сінтаксічны.
Найцяжэй пазбавіцца фанетычнай інтэрферэнцыі, бо моўны апарат прызвычайваецца да пэўных гукаў. Гэта дзеканне, цеканне, аканне, вымаўленне цвёрдых шыпячых. Акцэнталагічная інтэрферэнцыя — гэта націскі не на патрэбным месцы. Напрыклад, трэба спІна, а не спінА, вУсы, а не вусЫ, вЫпадак, а не выпАдак. У марфалагічным узроўні няправільна выкарыстоўваюць род, лік, склон назоўнікаў, у словаўтваральным — словаўтваральныя марфемы.6. Пры выкарыстанні трасянкі з’яўляюцца ілжэсябры перакладчыка. Напрыклад, беларус будзе рады ўбачыць «знаёмыя твары», а рускі - «знакомых тварей» — не асабліва.
7. Хоць трасянка выкарыстоўваецца ў размоўнай, а не пісьмовай форме, на ёй можна ствараць шэдэўры. Такія прыклады — музычныя праекты «Саша і Сірожа» і «Разбітае Сэрца Пацана». «Гэта не свядомы выбар, так гістарычна склалася», — кажа Дзяніс Тарасенка з праекта «РСП». За 10 гадоў гурт змяніў музыку, дадаўшы больш электроннага гучання. А трасянка засталася. Хоць песні на трасянцы здаюцца іранічнымі, Дзяніс кажа, што гэта трагікамедыя — найвышэйшы жанр у мастацтве. «Калі ўнікнуць у тэкст, там усё вельмі складана, там шэкспіраўшчына на трасянцы».
8. На занятках навучэнцы спрабавалі вызначыць плюсы і мінусы трасянкі. Галоўны плюс — гэта выйсце для людзей, якія пачынаюць размаўляць па-беларуску, але маюць невялікі слоўнікавы запас. Наведвальнікі лічаць, што валодаюць трасянкай толькі тыя, у каго мова — у генах. І трасянка — гэта доказ таго, што беларуская мова жыве і яе не вынішчыць. Але вядоўцы курсаў спадзяюцца, што трасянка застанецца пераходным этапам, і людзі будуць размаўляць па-беларуску.
На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…