Гарадскія службы адрэагавалі на заўвагі гараджан і турыстаў, што на габрэйскія могілкі ў Гродне складана патрапіць. Тэрыторыя старых пахаванняў па-ранейшаму засталася закрытай, але цяпер там з’явілася інфармацыя, дзе можна знайсці ключы ад брамы.
Са жніўня 2018 сваякі пахаваных і турысты з вялікімі цяжкасцямі маглі патрапіць на габрэйскія могілкі ў Гродне. У ліпені мясцовае прадпрыемства Спецаўтагаспадарка скасавала дамову з сям’ёй, якая жыве ля могілак і якая шмат гадоў адкрывала браму жадаючым патрапіць на тэрыторыю старога некропаля. Замок аператыўна памянялі, а знайсці ключ прыезджым было проста нерэальна.
Пакідаць могілкі адкрытымі не рызыкнулі
У выніку ў канцы кастрычніка было прынята рашэнне павесіць на браму могілак новы замок і размясціць побач інфармацыю для наведвальнікаў.
«Супрацоўнікі САГ памянялі замок, які ўжо паспелі спілаваць, а таксама павесілі інфармацыю пра ключы. Гэта найлепшы варыянт на сёння. Сям’ю, якая жыве на могілках, яны вярнуць на працу не могуць з-за недахопу сродкаў у бюджэце. А пакідаць некропаль адкрытым мы не рызыкнулі, бо там у лесе часта адпачываюць розныя кампаніі», — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Анастасія Галіна.
Як паказвае практыка, наведвальнікамі габрэйскіх могілак з’яўляюцца замежныя турыстычныя групы, гісторыкі, краязнаўцы і сваякі пахаваны.
Даведка
Занёманскія габрэйскія могілкі ў Гродне — адно з трох масавых пахаванняў яўрэйскага насельніцтва горада, адзіныя якія захаваліся да нашага часу. Назваць дакладны ўзрост гэтага некропаля складана. На могілках знайшлі надмагільную пліту, датаваную 18 стагоддзем, аднак многія пліты ад даўнасці ўжо сышлі пад зямлю. Хоць Занёманскія могілкі і зачынілі ў 1968 годзе, на іх усё яшчэ можна ўбачыць свежую магілу аднаго з вязняў гродзенскага гета — Рыгора Хасіда.