У матчы 27-га тура чэмпіянату краіны гродзенскі “Нёман” гасцяваў у барысаўскага БАТЭ. Перад матчам з гродзенцамі лідэру чэмпіянату заставалася ўсяго 1 ачко да чарговых залатых медалёў. У выніку сустрэча паміж камандамі скончылася мінімальнай перамогай барысаўчан і датэрміновым чэмпіёнствам.

За тры туры да канца чэмпіянату, БАТЭ здолеў заваяваць чарговы тытул чэмпіёна Беларусі, а перамогу прынёс барысаўскай камандзе Бярозкін, які на 88-й хвіліне далёкім ударам паразіў вароты Курганскага.

БАТЭ – “Нёман” – 1:0

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу:

– Віншую БАТЭ з чэмпіёнствам. У гэтым годзе яно бясспрэчна заслужанае. Шмат падзей адбылося, адна з іх – смерць Анатоля Капскага …

Наша каманда правяла добры матч. У канцы не хапіла канцэнтрацыі, стрыманасці. Было шмат момантаў, калі маглі завяршыць эпізод голам, але не хапіла апошняга паса. Першапачаткова прыехалі ў Барысаў за перамогай. Моманты, пра якія гаварылі з камандай перад гульнёй, маглі ўвасобіцца, але не атрымалася.

Гродзенскі “Нёман” пасля паразы ў Барысаве працягвае знаходзіцца на 7-м месцы ў турнірнай табліцы. У актыве жоўта-зялёных 39 ачкоў.

Свой наступны матч “Нёман” правядзе 10 лістапада ў Гродне і будзе прымаць “Смалявічы”