У Савет міністраў Беларусі 1 лістапада накіраваная петыцыя «Зрабіць Дзяды непрацоўным днём — даць магчымасць ушанаваць продкаў!» з 2.588 подпісамі. Аўтары калектыўнага звароту, каталіцкія вернікі, просяць зрабіць непрацоўнымі днямі 1 або 2 лістапада, калі не толькі каталікі, але і многія іншыя беларусы наведваюць магілы сваіх блізкіх памерлых, піша «Радыё С**бода».
У народзе гэтае старажытнае свята памінання памерлых называюць Дзяды. Да 1998 году 2 лістапада было ў Беларусі непрацоўным — нароўні з праваслаўнай Радаўніцай, якую адзначаюць увесну. Але ўказам ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень памяці продкаў быў прызнаны святочным, аднак працоўным днём. Тады ж былі скасаваныя выходныя панядзелкі пасля Вялікадня.