Спецыялісты прыступілі да зборкі рэактара першага энергаблока Беларускай АЭС, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі са спасылкай на дырэктара праекта па збудаванні станцыі віцэ-прэзідэнта кампаніі «АСЭ» (інжынірынгавы дывізіён расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам») Віталя Паляніна, піша Naviny.by.
Зборку рэактара спецыялісты пачалі пасля завяршэння праліва актыўных і пасіўных сістэм бяспекі на адкрыты рэактар. З дапамогай праліва абяссоленай вадой была праверана праходнасць трубаправодаў, якія вядуць у абсталяванне першага контуру.
Ваду прапусцілі праз сістэмы аварыйнага ахладжэння актыўнай зоны рэактара і кампенсатара ціску, ёю таксама ачысцілі трубаправоды сістэмы прадзьмуху-падсілкоўвання, прамылі абсталяванне і трубаправоды сістэмы аварыйнага і планавага расхалоджвання і сістэмы пасіўнага адводу цяпла ад актыўнай зоны.
Па словах Паляніна, пасля зборкі рэактара спецыялісты пачнуць гідравыпрабаванні і цыркуляцыйныя прамыванні трубаправодаў рэактарнага аддзялення з падвышанымі параметрамі.
Раней віцэ-прэзідэнт «АСЭ» паведаміў, што зборку рэактара першага энергаблока плануецца завяршыць 17 снежня, адзначае БелаПАН.