Гандлёва-выставачны цэнтр кітайскай правінцыі Ганьсу адкрыецца ў доме №92 па вуліцы Горкага. У памяшканні плошчай больш за 430 кв. метраў цяпер расстаўляюць вітрыны і стэлажы для першай партыі тавараў з Кітая.
Тры гады таму кітайскі горад Лунань правінцыі Ганьсу стаў пабрацімцам Гродна. Як падкрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык, у рамках складзенай дамовы краіны працуюць над умацаваннем гандлёва-эканамічных сувязяў, супрацай у сферы навукі, культуры, адукацыі, спорту і аховы здароўя, а таксама актыўна наладжваюць абмен спецыялістамі.
Пасля адкрыцця центра традыцыйнай кітайскай медыцыны гэта ўжо другі рэалізаваны ў горадзе праект. Спачатку тут будзе пастаянная выстава прадукцыі з правінцыі Ганьсу – унікальных тавараў, якіх ў Беларусі не вырабляюць. Надалей яна стане гандлёва-выставачным цэнтрам з магчымасцю замовіць тавары, піша “Гродзенская праўда”.
– Ужо замоўлена першая партыя тавару для выставачнага цэнтра, – расказаў дырэктар міжнароднага аддзела ТАА “Кампанія па механізаванні і будаванні Ганьсу–Бел” Інь Шучунь. – Сярод тавараў – традыцыйныя гатункі кітайскага чаю, сухафрукты, некаторыя віды раслін, а таксама будаўнічыя прылады. Урачыстае адкрыццё цэнтра запланавана на канец года.
Арганізатары выставачнага цэнтра таксама плануюць прапанаваць наведнікам падрабязную інфармацыю пра правінцыю Ганьсу.
Як паведамляла раней БелТА, на 2019 год у горадзе Ланьчжоу запланавана адкрыццё аналагічнага цэнтра, дзе будуць прадстаўленыя тавары і паслугі Гродзенскага рэгіёна.