1 лістапада ў 14.30 у будынку Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: г. Гродна, пл. Леніна, 2/1, каб. 202 (2-гі паверх) кожны жадаючы можа ўнесці прапановы і паўплываць на горадабудаўнічы праект: «Генеральны план горада Гродна». Ініцыявалі сход па абмеркаванні экалагічнага дакладу грамадская арганізацыя «Экаманіторынг» пры падтрымцы «ВелаГродна», піша Гродзенскі Зялёны партал.
— Грамадскія слуханні - выдатная пляцоўка для ўнясення канструктыўных прапаноў і выказвання згоды / нязгоды з тым, што прапануе ініцыятар грамадскіх слуханняў, — кажа кіраўнік «Экаманіторынга» Яўген Філімонаў. — Для нас важна, каб грамадзяне маглі паўплываць на перспектыўнае развіццё нашага горада. Мы запрашаем гараджан і грамадскія арганізацыі прыняць удзел у слуханнях і выказаць сваё меркаванне, якое будзе ўлічана.
Ідзе генплан: у Гродне абмяркоўваюць экалагічны даклад. Што гэта, для каго і чаму важна?
«Экаманіторынг» настойвае на абмеркаванні вось такіх пытанняў:
- азеляненне цэнтральнай часткі горада, якасць пасадкавага матэрыялу, а таксама тэхналогія перасадкі дрэў з ужо сфарміраванай кронай;
- неабходнасць будаўніцтва пляцовак для выгулу сабак;
- праграма экалагічнага турызму для росту ліку гасцей нашага рэгіёну;
- распрацоўка методыкі для прадастаўлення інфармацыі ў вольным доступе, каб любы з гараджан змог убачыць маніторынг паветра, вады штодня;
- іншыя пытанні, якія ўзнікаюць пры чытанні «Матэрыялаў экалагічнага дакладу па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы горадабудаўнічага праекта «Генеральны план г. Гродна».
Кантактная асоба правядзення сходу: намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела рэгулявання забудовы і добраўпарадкавання ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Барэйка Вольга Уладзіміраўна, тэлефон: 72−02−60.