Кафэ з пастай на вынас адкрыў у Гродне Сяргей Хрышчановіч. Некаторы час ён жыў у Польшчы, але ў адзін момант вырашыў вярнуцца ў родны горад і запусціць уласны праект з макаронамі. У кафэ «МакаRonin», якое адкрылася 25 кастрычніка, ён уклаў ужо каля 10 000 долараў.

«Ідэя адкрыць нешта сваё ў мяне заўсёды была, — распавядае Сяргей. — У Польшчы падгледзеў адзін распаўсюджаны бізнес — паста на вынас. Пайшоў на курсы ў рэстаран, скончыў іх і вярнуўся ў Гродна».

У Гродне ён знайшоў невялікае памяшканне ў цэнтры горада на вуліцы Дзяржынскага, 10 — у вядомым «доме Вагнера».

«Выбралі ў цэнтры невялікае месца, каб там можна было гатаваць і выдаваць локшыну. Пасадачных месцаў у нас няма, але пры жаданні чалавек зможа паесці. Мы сябе пазіцыянуем у першую чаргу як ежу на вынас. У дзень адкрыцця ў нас было шмат кліентаў - гэта прыемна здзівіла», — дадаў хлопец.

Зараз у Сяргея пяць відаў пасты: баланьезе, карбанара, кары, памадора і грыбная. Порцыі: ад 300 да 420 грам. Кошт: ад 4,4 да 6,9 рублёў.

Працуе кафэ штодня з 11:00 да 23:00. Ёсць дастаўка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life