За крычалку «Хто ня скача, той м… ль», якая стала шырока вядомая пасля Еўрамайдану і Рэвалюцыі годнасці 2014 году ў Кіеве, цяпер у Беларусі будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

У тым ліку прадугледжаны грашовы штраф ці адміністрацыйны арышт. Інфармацыю пра гэта С**бодзе пацвердзілі ў Цэнтральным раённым судзе Мінску.

«Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя Андрэй Зянкевіч 23 верасня», — паведамілі ў прэсавай службе суду.

Увесну 2015 году група маладзёнаў выкарыстала крычалку з такім тэкстам падчас святкавання Дня Волі ў Мінску. Неўзабаве Рэспубліканская экспертная камісія прызнала відэа пра гэта экстрэмісцкім і ўключыла яго ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, забароненых для распаўсюджвання і цытавання. Між тым сама крычалка фармальна забароненай не лічылася. Сёлета ў верасні падчас футбольнага матчу зборных Беларусі і Сан-Марына група беларускіх фанатаў на адным з сектараў на мінскім стадыёне зноў зладзіла скокі пад гэты тэкст.

«Усе ўдзельнікі, у тым ліку ініцыятары, правакацыйнай вераснёўскай акцыі выяўленыя», — цытуе газета «СБ — Беларусь сегодня» супрацоўніка Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Паводле газеты, якраз гэтая ўстанова была ініцыятарам судовага рашэння, на падставе якога цяпер будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за любое ўжыванне або паказ крычалкі. Ці прыцягнулі да адказнасці футбольных фанатаў, якія выкарысталі крычалку на матчы Беларусь — Сан-Марына, у міліцыі не паведамілі.

За распаўсюджваньне крычалак, якія ўключаныя ў спіс экстрэмісцкіх, парушальніку пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.