Сёлетняя восень багатая на кінафестывалі. Прайшоў Cinema Perpetuum Mobile, наперадзе “Паўночнае ззянне”. І яшчэ ёсць тры дні, каб наведаць фестываль дакументальнага кіно Watch Docs.

Watch Docs – міжнародны фестываль дакументальнага кіно на тэму правоў чалавека. Гэта адзін з самых старых і самых вялікіх фестываляў дакументальнага кіно ў свеце. У Гродне ён праходзіць з 18 па 21 кастрычніка – сёлета гродзенцы пабачаць стужкі раней за сталічных жыхароў.

Першыя два дні – нэанацысты і фэйкі. А далей яшчэ цікавей!

Распачаўся фестываль “смешнай” дакументалкай “Белы Свет Вачыма Даліборэка” пра жыццё чэшскага неанацыста. Ён “добры хлопец з дрэннымі поглядамі”, як называе яго маці. Даліборэк шчыра верыць, што вайну з Трэцім Рэйхам распачало Міжнароднае жыдоўства. Здымае ролікі, на якіх спявае нацыскія песні на фоне сцяга з кельцкім крыжам і не напраўду забівае людзей. Пратэстуе супраць бежанцаў, хоць нармальна камунікуе з калегам-цыганам. А пасля на экскурсіі ў Асвенціме даведваецца, што сярод яго продкаў таксама былі габрэі, і пераасэнсоўвае жыццё.

Праграму фестывалю ў Гродне глядзіце тут. Уваход на ўсе кінапрагляды бясплатны. Запланаваны шэраг дыскусій і сустрэчаў з рэжысёрамі.

Гэтак, на другі дзень фестывалю пасля прагляду кіно “Наш новы прэзідэнт” прайшла дыскусія пра фенамен фэйк-нюс з удзелам галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты і рэдактаркі спецпраектаў сайта Ірыны Новік. Ірына якая назірала за прэзідэнцкімі выбарамі ў Штатах 2016 года непасрэдна, будучы там у камандзіроўцы, таму магла расказаць пра тое, ці адчуваўся ўплыў фэйкаў непасрэдна на месцы.