Рэстаран “Беласток” размесціцца на цокальным паверсе бізнес-цэнтра «На Віленскай». Установу рыхтуюць да адкрыцця ўжо некалькі месяцаў. Калі пашанцуе, “Беласток” адкрыецца да канца 2018 года.

Пра канцэпцыю ўстановы і дату адкрыцця ўладальнік гаварыць не спяшаецца. Вядома, што ў яго ўжо ёсць даволі паспяховы рэстаран у Міры. Там акцэнт зроблены на беларускую кухню. Ёсць верагоднасць, што і ў гродзенскай установе будзе нешта падобнае.

Назву “Беласток” уладальнік выбраў не проста так. У гэтым жа будынку, толькі паверхам вышэй, з 1974 года працаваў вядомы ў горадзе рэстаран “Беласток”. З 1985 года памяшканне пуставала, рэстаран пераехаў у будынак на скрыжаванні Гараднічанскай і Тэльмана. Праз 32 гады, у лютым 2017 года, у памяшканнях былога рэстарана адкрыліся фірмовы магазін і кавярня “Камунарка”.

Даведка

Праект арыгінальнага рэстарана “Беласток” выконвалі беластоцкія архітэктары, элементы інтэр’еру, мэблю і сервіроўкі прывезлі з Польшчы. Польскія акцэнты былі і ў меню: можна было, напрыклад, замовіць “татар” – так у Польшчы называюць страву з сырой прапушчанай праз мясарубку ялавічыны з цыбуляй і сырым жаўтком. “Беласток” доўгі час лічыўся адным з лепшых месцаў Гродна, у нейкім сэнсе нават элітным. Туды не проста хадзілі паабедаць, а адпачыць.

Вяртанне легенды: рэстаран "Беласток" зноў адкрыюць у цэнтры Гродна
Рэстаран “Беласток” 1970-я г.

У “Беластоку” ўпершыню рэстаранныя музыкі працавалі на прафесійнай аснове. Там можна было не толькі паслухаць якасную жывую музыку, напрыклад каверы “Бітлз”, але і патанцаваць. Менавіта таму ўвечары ўваход у рэстаран быў платны – 1 рубель 50 капеек.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]