Уладальнік хостэла «Сарматыя» Марыя Дзарахохава адказала на выказванні начальніка землеўпарадкавальнай службы гарвыканкама Андрэя Кухцюка. Той у размове з Hrodna.life адзначыў, што «калі кожны пачне рабіць у горадзе ўсё, што яму захочацца — пачнецца сапраўдны хаос».
Нагадаем, уладальніца гродзенскага хостэла «Сарматыя» апынулася ў няпростай сітуацыі. З чэрвеня 2018 года яна судзіцца з землеўпарадкавальнай службай гарвыканкама. Спрэчным пытаннем стала добраўпарадкаванне суседняй тэрыторыі. На мінулым тыдні Hrodna.life выслухаў меркаванні ўладальніка хостэла і гарадской службы. З выказваннямі апошніх у хостэле не згодныя і прывялі пяць пунктаў пра хаос, з якім ім давялося сутыкнуцца пры будаўніцтве.
1. Хаос ужо быў
Калі праводзілі праектныя працы, не аказалася ні аднаго дакумента на размяшчэнне інжынерных сетак, якія праходзяць па дваровай тэрыторыі дома па ул. Маркса, 11. Толькі дзякуючы нашаму праектоўніку і геадэзісту былі праведзены пошукі (з дапамогай металашукальніка і іншых падручных сродкаў) і знойдзеныя (часткова) сеткі вадаправода, газу, цепласетак, каналізацыі бытавой, каналізацыі дажджавой, кабеля нізкага і высокага напружання.
2. Хаос у трубах
Толькі дзякуючы кіраўніцтву «Водаканала», сумесна з якім было прынята рашэнне пракладаць новы вадаправод для хостэла па ходзе старога вадаправода ў той жа траншэі, з’явілася магчымасць дакладна вызначыць месца праходжання старога вадаправода і каналізацыі і часткова яго замяніць. Так мы своечасова пазбеглі прарыву старых струхнелых труб. У канцы работ геадэзіст зрабіў дакладную здымку інжынерных сетак з нанясеннем на планшэты геаархіва.
3. Хаос у судзе
У судзе аказалася, што адным прадпрыемствам не патрабуецца акт выбару, калі інжынерныя сеткі пракладваюцца па старым следзе (па старой траншэі), а з нас патрабуецца.
4. Хаос у жылфондзе
Будынак па вул.Маркса, 11 дагэтуль лічыцца жылым, хоць людзі там не жывуць.
5. Хаос працягваецца
Яшчэ ў жніўні 2017 году старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой даручыў землеўпарадкавальнай службе вызначыць зямельныя долі ўласнікам памяшканняў у будынку па вул. Маркса, 11. Праз год нічога не зроблена.