Гісторык Мікола Волкаў атрымаў адказ з пракуратуры Гродзенскай вобласці наконт разбурэння «сцяны Вітаўта» на Старым замку ў Гродне. Парушэнняў не знайшлі, піша «С**бода».
Гісторык Мікола Волкаў звярнуўся ў Міністэрства культуры і пракуратуру з просьбай праверыць, ці не было парушэнняў падчас рэканструкцыі гэтага ўчастка. У пракуратуры адказалі, што парушэнняў не выявілі.
«Высветлена, што месца знаходжання і памеры праёму ў „Сярэдняй вежы“ замка цалкам адпавядаюць праекту рэстаўрацыі, зацверджанаму Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў адказе пракуратуры Гродзенскай вобласці з подпісам намесніка пракурора Святланы Рахман.
Раней з Міністэрства культуры прыйшоў адказ на гэтае ж пытанне, у ім паведамілі, што навуковы кіраўнік рэканструкцыі Уладзімер Бачкоў не скардзіўся на парушэнні. «Я так разумею, што ў міністэрстве думаюць, што Бачкоў будзе сам на сябе скаргі пісаць», — пракаментаваў тады адказ Мікола Волкаў.