Апошнім часам у Гродне адбываецца шмат майстар-класаў і іншых адукацыйных мерапрыемстваў. Аднак, пра некаторыя з іх вы маглі нават не ведаць. Прычына — шэраг фактараў, якія не ўлічылі арганізатары. Эксперт па публічных выступах Андрэй Віктараў расказаў Hrodna.life пра 7 тыповых памылак, якіх варта пазбягаць. Асабліва — пры арганізацыі адукацыйных ці платных імпрэзаў.
1. Выберыце нязручную дату
Прызначце сваю імпрэзу адначасова з вялікім святам ці гарадскім фестывалем. У крайнім выпадку — адразу пасля іх. Людзі стомяцца, патрацяць грошы і дакладна не прыдуць да вас. Ёсць усе шансы заваліць мерапрыемства, нават не пачаўшы.
2. Нідзе і нікому не расказвайце, што збіраецеся рабіць імпрэзу
Зрабіце анонс літаральна напярэдадні мерапрыемства. Навошта, каб нешта ведаў пра вашы планы за тыдзень ці два. Размясціце інфармацыю ў сацсетках уначы напярэдадні імпрэзы, калі асноўная частка карыстальнікаў ужо спакойна спіць. Напішыце доўгі і нудны тэкст — такі, каб алгарытмы сацсетак самастойна пастараліся схаваць яго як мага далей з вачэй карыстальнікаў.
3. Схавайце афішы ў самых цёмных месцах
Папяровыя афішы развесце ў як мага больш цёмных завулках горада. Упэўніцеся, што яны дакладна зліваюцца з навакольным асяроддзем і не прыцягваюць да сябе ўвагу. Калі ж вы раптам рызыкнулі размясціць афішы ў кавярнях, то ні ў якім разе не расказвайце супрацоўнікам установы пра падрабязнасці мерапрыемства. Каб яны міжволі не выдалі наведвальнікам вашу службовую таямніцу.
4. На афішы зашыфруйце ўсё, што можна
Назву вашай імпрэзы трэба надрукаваць на афішы самымі маленькімі літаркамі. Пажадана выкарыстаць якія-небудзь недарэчныя колеры. Ні ў якім разе не тлумачце, што адбудзецца на імпрэзе. Усе азадачацца, задумаюцца і - не пойдуць высвятляць. Месца і час мерапрыемства лепш увогуле не пазначаць. Хто сам не здагадаўся — мы не вінаваты.
5. Назавіце імпрэзу як мага больш загадкава
Вам жа патрэбны ўдзельнікі з палётам творчай фантазіі, праўда? Ну то загадайце ім загадку самой назвай імпрэзы. Назавіце мерапрыемства так, каб ніхто не здагадаўся, што на ім адбудзецца і чаму варта яго наведаць. Хай паламаюць галаву над афішай, а стаміўшыся, паляжаць дома на канапе.
6. Не трэба клікаць аўтарытэтных выступоўцаў і лідараў меркаванняў
Запрасіце выступіць на імпрэзе самага невядомага чалавека — суседа з лесвічнай пляцоўкі ці сантэхніка з бліжэйшага ЖЭСа. Пажадана, каб яны нічога не ведалі пра тэму сустрэчы і яе мэты. Таксама не варта запрашаць на імпрэзу лідараў меркаванняў. Раптам яны потым раскажуць пра ваша мерапрыемства ў сацсетках, ці чаго добрага падзеляцца сваімі здымкамі на асабістых старонках. Гэта ж усе пра вас даведаюцца. А вам той клопат трэба?
7. Маркетынг і прасоўванне — для слабакоў
Калі ўжо вырашылі зрабіць сюрпрыз для НЕ-удзельнікаў меркаванай імпрэзы, заляжце на дно і не падавайце прыкметаў жыцця хаця б пару тыдняў перад мерапрыемствам. Посціць анонсы на ўласнай старонцы, ствараць падзею ў фэйсбуку ці размяшчаць фотачкі спікераў у інстаграме — гэта для слабакоў. Самі падумайце — а раптам за гэты час на ваш анонс звернуць увагу? І як потым адбівацца ад натоўпу ахвотных паўдзельнічаць у імпрэзе?
Замест высновы: зрабіце выгляд, што так было задумана
Калі вы справіліся з папярэднімі пунктамі, то ахвотных паўдзельнічаць у імпрэзе будзе самы мінімум. Усё як вы хацелі. А калі хацелі не так, то зрабіце выгляд, што ўсё ідзе нармальна.
«Калі мы робім памылкі ненаўмысна і не маем магчымасці іх пазбегнуць, то яны пераўтвараюцца ва «ўмовы», — кажа Андрэй Віктараў.
Яго меркаваннем, трэба прыняць сітуацыю як ёсць і выкарыстаць абставіны з максімальнай карысцю для сябе. Бо што яшчэ застаецца, калі лёс прапануе лімон? Канечне, зрабіць з яго ліманад. То бок, супрацьпаставіць знешнім абставінам свой досвед і наступным разам пазбегнуць крыўдных памылак.