Пра заведзеную справу участковы паведаміў па тэлефону дачцэ Дзянісава. Да самаго Алеся пакуль не звярталіся. Дзянісаў лічыць гэта псіхалагічным ціскам на яго сям’ю і просіць праверыць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
Алесь размясціў заяву ў сацыяльных сетках, “каб потым ніхто не сказаў, што гэтых заяў не было”.
29 верасня на хатні тэлефон Дзянісавых пазваніў участковы. Адказала 16-гадовая дачка Алеся Дар’я. Участковы не назваў імя і званне, “стаў задаваць пытанні аб тым, дзе знаходзіцца яе бацька, паведаміў пра тое, што ў адносінах да мяне пачалі крымінальную справу, нібыта за размяшчэнне інфармацыі ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”, піша Алесь.
Размова доўжылася больш за 10 хвілін. Алесь расцэньвае такі збор інфармацыі як “допыт” непаўнагадовай дачкі. Паводле яго, размова насіла цяжкі характар – участковы паводзіў сябе груба, бесцырымонна і спалохаў дзяўчыну.
“Тым больш незразумела, навошта яна (размова – рэд.) была неабходна, калі да цяперашняга часу са мной ніхто з праваахоўных органаў не выходзіў на сувязь і не апавяшчаў мяне аб тым, што ў дачыненні да мяне маюцца узбуджаныя крымінальныя справы, не выклікаў на допыт ці гутарку”, піша ён.
Алесь расцэньвае паводзіны супрацоўніка праваахоўных органаў як спосаб аказаць на яго і сям’ю псіхалагічны ціск. Мэта – перашкодзіць яго культурнай дзейнасці ў якасці музыканта гурта “DZIECIUKI”. Дзянісаў просіць праверыць факты, выкладзеныя ў заяве, і даць ацэнку дзеянням супрацоўніка міліцыі.
Алесь Дзянісаў – незалежны журналіст і музыкант, грае ў гурце DZIECIUKI. І таму, і іншаму віду яго дзейнасці часта перашкаджаюць.