З 19 верасня ў стыхійным парадку адмянілі заняткі ў дзіцячым пакоі «Алые паруса» па вуліцы Рэпіна. Прычынай стаў аварыйны стан будынка, дзе размяшчаюцца гурткі дадатковай адукацыі. Бацькі б’юць трывогу: каля 300 падапечных могуць застацца без сваіх захапленняў. Кіраўнікі цэнтра і адміністрацыя Кастрычніцкага раёна запэўнівае, што пра дзяцей не забудуць і перавядуць іх у іншыя месцы.
Дзіцячы пакой «Алые паруса» займае будынак былой карчмы канца 18 стагоддзя на тэрыторыі былой каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова. У міжваенны перыяд будынак быў жылым. Зараз ён стаіць пасярод спальнага раёну.
Да нядаўняга часу там працаваў дзіцячы пакой, што будзе ў будучыні пакуль невядома. Будынак знаходзіцца на балансе УЖРЭП Кастрычніцкага раёна.
Увечары 19 верасня каля старога будынка прайшоў сход бацькоў, кіраўніцтва цэнтра і прадстаўнікоў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Кіраўніцтва адзначыла, што будынак дзіцячага пакоя ніхто не адбірае ў дзяцей, а закрываецца ён на рамонт. Але бацькі абураліся лёсам аб’екта і дзяцей, якія засталіся нечакана без сваіх захапленняў. Кіраўніцтва цэнтра «Прамень», куды адносіцца дзіцячы пакой, кажа, што дзяцей у максімальна хуткім часе расфармуюць па школах і ў бліжэйшы цэнтр творчасці.
«Будынак, дзе месціцца пакой „Алые паруса“, знаходзіцца ў аварыйным стане, — распавядае дырэктарка „Праменя“ Юлія Анісімава. — Гэта помнік архітэктуры 1782 года пабудовы і ў нас няма грошай рамантаваць яго. Там абсыпаецца тынкоўка і ляцяць камяні з фасада. Усё гэта пагражае жыццю і бяспецы дзяцей. Каб нiчога не здарылася, мы прынялі рашэнне перанесці гурткі на базы бліжэйшых школ і часткова нешта забіраем да сябе ў „Прамень“. Ніхто не кажа пра закрыццё гурткоў, навучальны працэс будзе працягвацца».
Бацькі, чые дзеці наведваюць «Алые паруса», баяцца, што будынак забіраюць па іншай прычыне і ў будучыні там можа адкрыцца якая-небудзь гасцініца або кафэ. Адміністрацыя выключае такі варыянт і абяцае ўрэгуляваць пытанні з падлеткавым пакоем да канца тыдня.