Яшчэ ў сярэдзіне жніўня ў Гродне два сябра на старэнькім матацыкле «Днепр» вырашылі прыгатаваць шашлык. Яны ўсталявалі мангал на вазок і сталі гатаваць мяса, пры гэтым раз’язджаючы па вуліцах горада. У пачатку верасня Гродзенская ДАІ адрэагавала на дзеянні гродзенцаў і выпісала штраф ўладальніку матацыкла.

Аўтары ідэі разумелі, што супрацоўнікі ДАІ могуць імі зацікавіцца і таму з сабой узялі два вогнетушыцелі і аптэчку. Але гэта не дапамагло. ДАІ усталявала па размешчаным на відэахостынгу YouTube і растыражаванам іншымі сайтамі відэа уладальніка матацыкла.

За дапушчаныя ў цэнтры Гродна парушэнні правілаў дарожнага руху ён прыцягнуты да адказнасці. Адпаведныя пастановы ўступілі ў сілу з моманту вынясення.

Дарэчы, гэта ўжо не першы крэатыўны выезд гэтых матацыклістаў у Гродне. Новы 2018 год яны сустрэлі на гарадскіх вуліцах з елкай у вазку.