Цэлы клас са школы № 11 вырашыў стаць валанцёрамі Гродзенскага дзіцячага хоспіса на лінейцы 1 верасня. А бацькоўскі камітэт прапанаваў грошы, якія яны вытрацілі б на букеты, ахвяраваць хоспісу.
Таксама 1 верасня прайшоў круглы стол з мэтай удасканалення аказання дапамогі сем’ям, якія маюць дзяцей з аўтызмам. Там абмеркавалі дыягностыку аўтызму і новыя формы працы з такімі дзецьмі - напрыклад, тэатр.
Падчас круглага стала паказалі спектакль з удзелам дзяцей- аўтыстаў. Пастаноўка «Чыгунка» расказвае пра тое, як выглядае свет вачыма хлопчыка-аўтыста. Гэта «Сямейны інклюзіў-тэатр» — сацыяльна-культурны праект, які працуе ў Мінску c 2016 года. Тут займаюцца дзеці і падлеткі, у тым ліку, з аўтызмам. Гэта сучасны тэатр, у якім злучаныя класічная і сучасная харэаграфія, пластыка, вакал, элементы драматычнага і камедыйнага жанраў.
У хоспісе зараз збіраюць грошы на інвалідны вазок для сваёй падапечнай Ганны Лашчук. Вы можаце ахвяраваць грошы любым зручным спосабам.