У апошнія гады футбольны «Нёман» шмат крытыкавалі за тое, што клуб не можа зарабляць на гульцах і аддае іх у іншыя каманды практычна бясплатна. Але апошні трансфер паўабаронцы «Нёмана» Мукама ў БАТЭ паказаў, што ў Гродне навучыліся прадаваць футбалістаў.
Французскі паўабаронца камерунскага паходжання Мукам папоўніў шэрагі гродзенцаў у сакавіку 2018 года і за некалькі месяцаў здолеў стаць адным з лідараў каманды. У складзе гродзенцаў футбаліст правёў 18 матчаў і вызначыўся 4 галамі.
Паводле сайта transfermarkt.com Мукам у складзе «Нёмана» каштаваў каля 50 тысяч еўра, але за колькі яго прадалі ў БАТЭ невядома. Старшыня «Нёмана» Іван Варсовіч распавёў, што ўсе бакі засталіся задаволеныя пераходам футбаліста ў барысаўскі клуб.
Вядома, што 24-гадовы Мукам у Барысаве будзе атрымліваць у некалькі разоў большы заробак, чым у «Нёмане», ды і еўракубкавая восень яму там забяспечана. Футбаліст марыць трапіць у топ чэмпіяната Еўропы. Калі Мукам і далей працягне прагрэсаваць у чэмпіянаце Беларусі, то ў будучыні БАТЭ зможа на ім зарабіць у разы больш, чым «Нёман».
15 жніўня закрываецца трансфернае акно. За жнівень гродзенцы здолелі ўзмацніцца адным футбалістам — сербскім абаронцам Міхайла Ёванавічам. Не выключана, што перад закрыццём трансфернага акна «Нёман» падпіша яшчэ якога-небудзь футбаліста.
Нагадаем, 17 жніўня аднаўляецца чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе. У гэты Дзень «Нёман» адправіцца ў Магілёў, дзе сустрэнецца з мясцовым «Дняпром».
Пасля 17-ці тураў гродзенская каманда займае 8-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 25 ачкоў.