Назіральная пляцоўка “Дахі старога горада” і кавярня “Дах свету” адкрыюцца ў Гродне 15 жніўня. Яны размясціліся на вышыні больш за 25 метраў – на даху гандлёвага дома “Нёман” у самым цэнтры горада.

Трапіць на дах можна як па лесвіцы, так і на панарамным ліфце, які адразу дастаўляе ў кафэ “Большой Буфет” на чацвёрты паверх і на дах, без прыпынкаў па дарозе. Ліфтам можа карыстацца кожны наведвальнік гандлёвага дома, пры гэтым падымацца на ім можна і пасля закрыцця «Нёмана».

Назіральную пляцоўку над былым універмагам сімвалічна назвалі “Дахі старога горада”. Адсюль, як на далоні, бачныя дахі старых гродзенскіх будынкаў, якія можна ўбачыць не праз аконнае шкло і не праз празрыстыя сценкі агляднага ліфта, а ўжывую.

“Аглядная пляцоўка “Дахі старога горада” лічыцца самай вялікай у Беларусі. Яе плошча складае каля 800 квадратных метраў. Сярод беларускіх назіральных пляцовак яна рэкардсмен па памерах і, спадзяемся, па прыгажосці відаў, якія адкрываюцца з яе”, – адзначыў дырэктар гандлёвага дома “Нёман” Аляксей Яўлаш.

Толькі ў Мінску і Гродне

Тэрыторыя назіральнай пляцоўкі падзелена на зону адпачынку і тэрыторыю для прагулак. У цэнтры агляднай пляцоўкі размясцілася новае лаўнж-кафэ на 100 месцаў пад назвай “Дах свету”. Яно размяшчаецца на тэрасе пад навесам-купалам, займае плошчу 350 квадратных метраў. Падобнае кафэ на даху ёсць толькі ў Мінску, сярод абласных цэнтраў Гродна – адзіны можа пахваліцца такім.

Аглядная пляцоўка на даху ў сэрцы Гродна будзе працаваць бясплатна. У ГД “Нёман” ўпэўненыя, што яна стане яшчэ адным папулярным месцам адпачынку гараджан і турыстаў.