«Апошнім часам папулярныя цішоткі з вышыванкай, вышымайкі. Майка — гэта заўсёды пасыл чалавецтву. Ён бывае палітычным, эстэтычным — розным», — кажа Сяргей Грыневіч на прэзентацыі. 2 жніўня галерэя прэзентавала цішоткі з выявамі трох гродзенскіх мастакоў - Сяргей Грыневіча, Юрыя Якавенкі і Валянціны Шобы.

Галерэя ініцыявала праект «Прымерай мастацтва на сябе». Дар’я Іодэль, Ірына Званко і Вітаўт Мара выбралі карціны мастакоў і зрабілі цішоткі. Маюцца памеры з M па ХXХХL. У галерэі папяраджаюць: майкі - «маламеркі», таму трэба іх мераць. Гэта можна зрабіць у галерэі. Кошт цішоткі - 42 рублі.

— Для галерэі гэта вельмі важны праект, дзе галерэя стала не проста пляцоўкай, але і вырабіла свой прадукт. Гэта ода любові да нашага горада. Мы жывем ў самым лепшым горадзе нашай краіны. У тым ліку і таму, што тут жывуць талантлівыя людзі - нашы сучаснікі. Лічу, што яны ўвойдуць у гісторыю не толькі горада, але і краіны, — кажа гаспадыня галерэі Ларыса Макей. Дырэктарка Кацярына Петруцый дадае, што яны плануюць развівацца і працаваць і з другімі мастакамі.

«The End» і трэнды 2019-га года

— У сваёй творчасці я часта арыентуюся на моду і мастацтва. У гэтым праекце закладзены менавіта два гэтыя вектары. Таму калі мне прапанавалі паўдзельнічаць, я ні хвіліны не сумнявалася, — кажа Дар’я Іодэль.

Яна выбрала для цішоткі карціну Якавенка, на якім выяўлена праца з серыі скандынаўскіх рун. Юрый кажа, што гэта неагрэсіўная, сонечная карціна. Дар’я кажа, што нешта ўнутры яе адазвалася менавіта на гэтую карціну. Яна абяцае, што будзе насіць цішотку з выявай гродзенскага мастака, прадстаўляючы Беларусь на міжнародных конкурсах і выкарыстоўваць яе ў сваіх луках.

"Майка - гэта заўсёды пасыл". Галерэя "У Майстра" выпусціла футболкі з прынтамі гродзенскіх мастакоў

Ірына Званко паказала, як мы будзем апранацца наступным летам. Яна выбрала чорную цішотку з карцінай Сяргея Грыневіча. Карціна называецца «The End» і адлюстроўвае настальгію па савецкіх часах. Гэта апошні кадр кінематографа — дзяўчаты сядзяць з кулькамі з газет «Советской Белоруссии».

— Гадоў шэсць назад мы насілі майку дома, спалі, елі ў ёй і ездзілі на лецішча. Ніхто не мог падумаць, што класічны касцюм мы зможам апрануць з майкай. І я вельмі рада, што галерэя прыўнесла новае веянне ў наш горад.

Цішотка для сэлфі і цішотка для мужчын

— Сучасная мода жыве калабарацыямі і сумеснымі працамі знакамітых брэндаў. Цяпер нармальна насіць адзенне адразу двух вашых любімых дызайнераў. Таму калабарацыя — гэта крута! Асабліва, калі я праходзіць у вашым горадзе і з мастакамі, — кажа Вітаўт Мара. Ён выбраў карціну Валянціны Шобы. На ёй выяўлены чалавек-падарожнік. Валянціна кажа, што карціна найбольш выяўляе яе як чалавека.

На прэзентацыі прадалі палову ад усіх маек. Іх засталося каля 200. Акурат на прэзентацыі два мастакі стварылі яшчэ дзве цішоткі. Сяргей Грыневіч зрабіў «T-shirt for selfie» з зеркальным надпісам. А Юрый Якавенка — футболку з кветкай са смочкай унутры. Ён кажа, што гэта майка менавіта для мужчын, бо яны ад нараджэння і да старасці імкнуцца да жаночай грудзі. Гэтая майка сышла ў фонд галерэі за 40 рублёў. А іншая — за 55 рублёў адной з наведвальніц.

Мастакі кажуць, што ім прыемна будзе сустрэць людзей у іх цішотках. Асноўная просьба — час ад часу пазначаць аўтараў.