Ля галоўнага ўваходу ў абласное ўпраўленне МНС 2 жніўня адкрылі скульптуру прысвечаную 165-годдзю пажарнай службы Беларусі.
Аўтарам памятнага знака з’яўляецца гродзенскі мастак Уладзімір Качан. Як кажа аўтар, такога спалучэння шкла, граніту і металу для помнікаў у Гродне яшчэ ніхто не выкарыстоўваў.
Кампазіцыя складаецца з двух аб’ёмаў чырвонага і чорнага граніту, злучаных шчытом з эмблемай МНС, выкананым з бронзы. Шкло з унутранай святлодыёднай падсветкай будзе свяціцца ўначы, а арыгінальны пажарны звон міжваенных часоў будзе адбіваць час.
Ініцыятарам устаноўкі знака выступілі ветэраны пажарнай службы Гродзеншчыны. Iдэю падтрымала кіраўніцтва абласнога ўпраўлення МНС, сучасныя байцы і афіцэры гарнізона. Знак выраблены за сродкі добраахвотных ахвяраванняў.