За якія замежныя мовы зараз гатовыя заплаціць больш? На якую працу наогул можа разлічваць чалавек, за плячыма якога больш за 20 год стажу, а ў кішэні - два дыпломы? Hrodna.life разам з 50-гадовым гродзенцам Аляксандрам праглядзеў вакансіі цэнтра занятасці, але запаветных «папяццот» там няма. Затое ёсць патрэба ў даволі экзатычных мовах.
Шматдзетным не трэба збіраць камяні
Аляксандр шэсць год адпрацаваў эканамістам у адной з прыватных кампаній, але сёлета патрапіў пад скарачэнне. Ён шукае працу сам, але дадаткова вырашыў звярнуцца ў Цэнтр занятасці. Пайшоў туды хутчэй для таго, каб не прыпыняць агульны працоўны стаж і ў дадатак атрымаць дапамогу па беспрацоўі - дзве базавыя цягам шасці месяцаў. Дарэчы, шматдзетным хадзіць на работы кшталту збору каменняў з поля не трэба, кажа Аляксандр.
Англійская ўжо не ў модзе, трэба туркменскую
Валоданне замежнымі мовамі заўжды дае бонусы пры працаўладкаванні. Сярод 29 прапанаваных вакансій у трох з іх патрабуецца валоданне туркменскай мовай.
Кіраўніку ў ТАА «Ташпулатов» абяцаюць зарплату ад 350 рублёў. Ён павінен не толькі валодаць туркменскай, але і цяміць у гандлёвай сетцы Узбекістана.
ТАА «Даврон» свайму кіраўніку гатова плаціць па 800 рублёў штомесяц. Ад яго, акрамя валодання туркменскай, патрабуецца досвед працы з замежнымі пастаўшчыкамі.
Таксама можна працаўладкавацца кіраўніком на ТАА «Швейная фабрыка «Дамір» на 0,5 стаўкі. Зарплату прапануюць акурат палову ад мінімальнай — 152 руб 50 кап. Дадатковае патрабаванне — валоданне азербайджанскай мовай.
Валодаючы адразу турэцкай, туркменскай і англійскай мовамі можна разлічваць на пасаду намесніка дырэктара ў ТАА «Топ ТМ». Зарплата на поўную стаўку — 400 рублёў.
Дзе самая вялікая зарплата?
Самая вялікая зарплата сярод прапанаваных — 904 рублі 50 капеек. Філіялу «Прэдпрыемства сродкаў дыспетчарскага і тэхналагічнага кіравання» РУП «Гроднаэнерга» патрабуецца намеснік начальніка службы. Патрабаванні: вышэйшая адукацыя ў галіне тэлекамунікацый, стаж працы не менш 5 год, веды ў вобласці будаўніцтва транспартных сетак сувязі - тэхналогіі SDH\PDH, GigabitEthernet, MPLS-TP, OTN.
Сярод 29 вакансій 10 прапануецца з мінімальнам магчымай зарплатай 305 рублёў. Чатыры з іх на палову стаўкі 152 руб 50 кап.
Агулам у Гродзенскім гарадскім цэнтры занятасці ёсць каля 1500 вакансій.